У мяне працягваецца (ці, калі дакладней, ужо падыходзіць да канца) летні водпуск, таму з'яўляецца больш магчымасцяў скатацца куды-небудзь за горад. Так вось захацелася зноў пракаціцца берагамі Нёмана. Нядаўна тут прайшоў традыцыйны марафон "Прынёманскі"-2018, ад якога застаўся гатовы трэк, які быў "жэстачайшэ" спампаваны мной і перанесены на тэлефон :) Як высвятлілася, прыкладна на 2/3 ён супадаў з трэкам нашай вясновай трэш-вандроўкі па нёманскіх бродах падчас паводкі - ну вось і яшчэ адна падстава праехацца гэтым трэкам, пабачыць знаёмыя месцы ў летнім выглядзе. Карацей, вырашыў ехаць, а чаго я там накатаў - за гэтым заходзце пад кат, там многа фотачак Нёмана

01. Стартаваў, як звычайна, першым лідскім цягніком на 5.11. У працоўны дзень (гэта быў чацвер 28 чэрвеня) у цягніку, як бачыце, быў сапраўдны "аншлаг"

02. Ад станцыі Нёман да трэка марафону трэба было праехаць кіламетраў 5 уздоўж ракі ў напрамку Бярозаўкі

03. Рака падчас нядаўняй засухі падмялела

04. Дарожка ішла берагам

05. З маста пад Бярозаўкай. Гэта я ўжо на самім трэку

06. Адзін з нешматлікіх старых будынкаў Бярозаўкі

07. І царква-навадзел. У прынцыпе, у Бярозаўцы асабліва і няма на што глядзець (ну, калі вас шклозавод мясцовы не цікавіць)

08. Нейкая падробка пад старыню (напэўна, чарговая аграсядзіба)

09. Тут дарога ішла да поймы ракі

10. А вось і сам магутны Бацька-Нёман

11.

12. Некалькі кіламетраў трэк ішоў вельмі маляўнічым берагам ракі. У тых краях многа рыбакоў і адпачываючых, таму першыя кіламетры усё было цывільненька, з добранькай дарогай

13.

14. Дакаціў да бачнага на іншым беразе вусця нейкай рэчкі, зазірнуў на мапу - выявілася, Дзітва

15.

16. Вужыка ледзь не пераехаў

17. Потым трэк пайшоў ад берага ракі да азёраў-старыц, дарога там пагоршылася

18. Некалі гэта быў Нёман, зараз тут - толькі старыца

19. Пайшлі, пясочкі радзімыя!

20. Рэчка Крэмушоўка

21. Выдатненькія лясныя дарогі

22. Дужа файная брукаваначка ў вёсцы Васілевічы

23.

24. Дарога праходзіць міма сядзібы-фазенды вядомага беларускага спевака Зміцера Вайцюшкевіча - хутара "Вайцюшкі"

25.

Дарэчы, вось вам якраз досыць знакамітую (многія беларусы дык дакладна ведалі і чулі, спадзяюся) песню "Нёман" у яго выкананні:
26. На пару соцен метраў трэк вярнуўся да Нёмана

27. На ці то другі сняданак, ці то абед прыпыніўся на высокім беразе малюсенькай рэчкі Асоцкі

28.

29. Быў і брод праз саму Асоцку. У якой сотні-другой метраў адсюль яна ўпадае ў Нёман

30. І дарога лугам ля самога Нёмана

31.

32.

33. Часам на рацэ выспы можна пабачыць

34. А гэты кадр - ужо з маста на трасе Р5, паміж Наваградскім і Іўеўскім раёнамі (калі быць больш дакладным, то тэрытарыяльна тут такі абодва берагі ракі да Іўеўскага раёна адносяцца - мяжа паміж раёнамі праходзіць не па рацэ, а дзесьці ў кіламетры на поўдзень)

35. Да маста я рухаўся ўздоўж ракі уверх па яе цячэнню, за мастом трэк развярнуўся ў іншы бок, і цяпер я ўжо ехаў уніз па цячэнню, правым берагам ракі. Той самы мост праз Нёман на трасе Р5, з якога я рабіў папярэдні кадр

36. Спачатку было некалькі кіламетраў файнай дарогі па пойме

37. Месца сакавіцкага "падвоенага броду". Адно і тое ж месца вясной і летам, толькі ракурсы розныя - можаце параўнаць


38. І зноў рака. Яна тут паступова адваёўвае сабе прастору - у прынцыпе, мясцовыя жыхары ўжо прабілі сабе аўтамабільную дарогу замест гэтай крыху далей, праз лясок

39. Вёска Морына. Тут давялося пакатацца паміж двумя вясковымі крамамі, бо якога-небудзь халоднага напою хацелася, а ў абедзвюх крамах ў халадзільніках толькі піва трымалі, негадзяі :(

40. Царква ў Морына

41. Морынскі гламур з чорным марозівам расійскай вытворчасці. Так сабе, дарэчы - ня надта смачна (каб у спеку пад +30 - і марозіва не спадабалася!), ды і стаканчык прама ў руках развальваўся

42. Далей некалькі кіламетраў ляцеў даволі хутка, пакуль не даехаў да трасы М6. Яна зараз перажывае рэканструкцыю, і якраз у гэтым месцы ў гэты момант дарожнікі клалі новы асфальт. Дарэчы, і трэк марафону ішоў не самой трасай, а нейкай грунтоўкай, якая павінна была ісці ўздоўж трасы. Вы гэтую "грунтоўку" якраз бачыце ў левай частцы кадра :) Так, там усё было разбіта тэхнікай

43. Я сумленна паспрабаваў каціць трэкам, але вось пасля гэтага моманта вырашыў лезці-такі на верх. Там і нейкія дарожнікі з падпітымі тварамі зверху пачалі крычаць: "Калі няма чаго рабіць, дык ідзі да нас працаваць, а не фігнёй займацца" (ну, вы разумееце, сапраўдны тэкст гэтай фразы мая цэнзура не прапусціла, бо інакш гэты пост яшчы ў катэгорыю 18+ тут аднясуць, гы)

44. Наверсе можна каціць, хоць і небяспечна і зусім няўтульна

45. Рэчка Гаўя. За Гаўяй я пакінуў трасу М6, і там мяне чакаў дзясятак кіламетраў досыць цяжкіх дарог, пакуль такі пад Дакудава ненадоўга не выкаціў на асфальт

46. Вёска Дакудава

47. І зноў Нёман

48.

49. І яшчэ адно фота з серыі "вясна-лета". Тут у сакавіку ў нас таксама быў брод


50. Старыца ці то Нёмана, ці то Дзітвы

51. Раптам сярод лесу сустрэў нечаканы кавалак цывілізацыі

52. Таямніца адкрылася за паваротам, дзе выявіўся нейкі санаторый

53. А хутка ўжо і да фазэндаў на Дзітве даехаў

54. І зноў "вясна-лета"


55. Качу ўздоўж Дзітвы ў бок Нёмана

56. Потым дарога паварочвае ў лес, пара кіламетраў лясной дарогі...

57. ...і перад мной ўжо чарговы раз магутная плынь Нёмана. Прычым, у бок вусця Дзітвы ні сцяжынкі не бачыў

58. Далей пайшла самая цяжкая частка трэка. Удзельнікам марафону было, напэўна, прасцей, чым мне, бо гэты кавалак яны праходзілі практычна на пачатку гонкі - старт там быў недзе перад Дакудавым. Я ж праходзіў яго напрыканцы трэка, калі ўжо і стаміўся, і да цягніка часу не так ужо і многа засталося. Там была не самая лепшая вузкая лясная сцежка, якая ўвесь час ішла ўверх ці ўніз

59. Але нарэшце - той самы мост праз раку пад Бярозаўкай. Усё, маршрут пройдзены!

60. Засталося толькі дапіліць апошні пяток кіламетраў да станцыі Нёман

61. Вось і яна. Да цягніка заставалася яшчэ хвілін 20 - хапіла бы нават затаварыцца харчамі ў вясковай краме (станцыя Нёман стаіць у досыць немаленькай вёсцы Сялец), калі бы яна не была зачыненая (хоць і павінна была працаваць, калі верыць шыльдзе ля ўвахода). Фінішаваў на 16.58 дызель-цягніком Ліда-Баранавічы

Вось такая вось выйшла вандровачка. Агульны трэк не пакажу, бо не маю - Страва чарговы раз глюкнула, на гэты раз капітальна, ну яе, дастала ўжо. Па кіламетражу там кіламетраў 85-90 было.
Дзякуй за ўвагу!
Journal information