Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Як з Беларусі эканомна скатацца ў Кіеў

Многія беларусы ведаюць 100500 спосабаў танна скатацца ў Львоў і назад (але ўсё роўна катаюцца завышана дарагім цягніком Магілёў-Львоў, бо так прасцей, камфортней, хутчэй, ды і не трэба звязвацца з украінскімі дарогамі і мясцовым транспартам). А што ж наконт Кіева? Плацкартны квіток на пасажырскі цягнік Мінск-Кіеў каштуе ў Белчыгункі 88 рублёў 16 капеек, часам ходзіць яшчэ і цягнік Мінск-Адэса, дзе квіток каштуе трошкі меньш - 74 рублі 22 капейкі. Памножце гэтыя лічбы на два - і паездка ў суседнюю сталіцу пасажырскім цягніком абыйдзецца вам у досыць добрую суму.

Хіба ёсць, як і з Львовам, варыянты больш-меньш хутка скатацца ў Кіеў і патраціць на гэта значна меньшую сумму? Ды канешне ж ёсць! Аб тым, як ехаў я, і пойдзе сёння гаворка. Вандроўка, дарэчы, адбылася ў 20х лічбах чэрвеня 2018 года

Заўвага. Паколькі не ўсі квіткі я захаваў, то кошты будуць трошкі скакаць, бо дзе-нідзе я проста загугліў кошт квітка на момант напісання артыкула. Але сума будзе прыкладна тая ж




01. Стартаваў, зразумела ж, з Баранавічаў. Порцыя шаўрмы (спачатку шаўрма на першай платформе Баранавічаў-Палескіх была адносна добрая, але з часам тут яе сталі рабіць горш і горш) на дарогу. На фоне - "Штадлер", але мне ехаць не з нім: штадлерок ураніцы пакаціць на Мінск, мяне ж чакае...



02. ...звычайны пасажырскі цягнік Гродна-Гомель



03. Тут ёсць вагон з сідзячымі месцамі, каштуе квіток ад Баранавічаў да Гомеля 10,30 рублёў. Другі раз я еду гэтым цягніком сідзячкай - і другі раз (напэўна, ужо канчаткова) заракаюся з ёй звязвацца. Па-першае, вагон гэты стары і занадта няўтульны, высядзець гэтымі сідушкамі усю ноч - бррр. Камфортам нагадала сядзячку цягніка Масква-Архангельск, на якую я калісьці тут скардзіўся - але там было такі яшчэ горш. Па-другое, палова вагона была занята абпіўшыміся і працягваўшымі "даганяцца" фанатамі аднаго з клубаў беларускага футбольнага мінору, што ехалі на выезд, па-мойму, у Светлагорск. Шумелі (у справаздачах на фанацкіх рэсурсах, якія мне даводзілася раней калісьці чытаць, яны потым называюць такое выразам "треш и угар" і падаюць як нешта надзвычай крутое, памнажаючае славу іхняга клубу) яны ажно да Лунінца, да Жыткавічаў заснулі, у Калінкавічах з вагона некаторых выцягвалі больш цвярозыя іх паплечнікі... Карацей, толькі ад Калінкавічаў ехалася ўжо супакойна. Па шчырасці, я бы лепей даплаціў 5 рублёў розніцы і ехаў плацкартай. Хаця плацкарт таксама, канешне ж, не самая надзейная абарона ад п'яных ці маргінальных суседзяў-спадарожнікаў (нават купэшка нічога не гарантуе, калі па шчырасці)



04. У Рэчыцы ўжо цягнік быў завідна. Аўтавакзал у Рэчыцы знаходзіцца недалёка ад чыгуначнага, таму з акна цягніка я бачыў свой наступны транспарт - аўтобус "Рэчыца-Кіеў", які якраз заязджаў на аўтавакзал. Але стыкоўка паміж цягніком і аўтобусам менавіта ў Рэчыцы была кароткая, таму я не рызыкнуў набываць квіток ад Рэчыцы, бо спужаўся не паспець перабегчы з вакзала на вакзал у выпадку спазнення цягніка



05. Праязджаем Дняпро. Дняпро - увогуле, напэўна, галоўная і ледзь не адзіная фішка Рэчыцы. Там (у Рэчыцы я быў, здаецца, у 2015 годзе) вельмі файная панарама на даліну ракі амаль у цэнтры гарадка, з амфітэатрам і наберажнай. Акрамя Дняпра, каталіцкага касцёла, пары-тройкі старых дамоў і помніка нафтавікам глядзець у сталіцы беларускай нафтаздабываючай прамысловасці, у прынцыпе, больш і няма на што



06. У 8.47 быў у Гомелі. Цягнік не спазніўся, а аўтавакзал там таксама знаходзіцца недалёка ад чыгуначнага, практычна за рогам



07. Аўтобус Рэчыца-Кіеў адсюль адыходзіць у 9.30, на самой справе прыйшоў і адыйшоў ён нават са спазненнем, то бок я нават перакусіць паспеў. Квіток ад Гомеля да Чарнігава каштуе 6,03 рублёў (а калі ехаць гэтым аўтобусам проста на Кіеў, то ўвесь маршрут будзе каштаваць 14,04 рублёў), прычым ticketbus.by выдае мне дзясятак аўтобусаў на дзень паміж гэтымі суседнімі аблцэнтрамі - то бок, увогуле не праблема тут мяжу пераехаць. Аўтобус - новы МАЗ, запоўнены добра. Хіба што з кіроўцам паспрачацца давялося - раздрукоўку набытага ў тырнэце квітка ён чамусьці адмаўляўся прыймаць за квіток і пускаць з ёй у аўтобус, накіроўваючы ў касу: маўляў, вазьміце нармалёвы квіток, месцы яшчэ ёсць (хаця па-правільнаму ў яго нават павінна была быць раздрукоўка са спісам набыўшых электронныя квіткі, але цывілізацыя, відавочна, да Рэчыцкага аўтапарка яшчэ не дайшла); я ж, канешне, слухаць яго не стаў, толькі адказаў, што я першы раз з такой рэакцыяй сутыкаюся і сто разоў такімі квіткамі катаўся (на самой справе - не, раз ці два, але не важна :) ). Толькі пасля таго, як да майго квітка не мелі аніводнага пытання гомельскія кантралёры, ён супакоіўся. Можна было потым і паскардзіцца куды-небудзь, але фіг з ім...



08. На мяжы пратрымалі трошкі дольш чым трэба, таму ў Чарнігаве быў ужо пасля 12 гадзін. Тут набыў на вечар квіток да Кіева і потым меў некалькі гадзін на знаёмства з гэтым старажытным надзвычай цікавым украінскім горадам (пра што абавязкова будзе напісаны асобны артыкул). Адзначу тут хіба што ў Чарнігаве паміж іншым - вельмі прыгожы чыгуначны вакзал. Выкананы ён, як бачыце, у такім вось "старарускім" стылі, але на самой справе гэта пабудова савецкіх часоў



09. Народ актыўна штурмаваў электрычку на Нежын (пры жаданні можна, як кажуць, "трэшануць" і паехаць да Кіева ўвогуле электрычкамі праз гэты самы Нежын, але я вырашыў, што не буду губляць так многа часу нават дзеля чыгуначнай рамантыкі і прыгарадных украінскіх цягнікоў, з якімі я да гэтай паездкі не быў знаёмы)



10. Старая-добрая рыжская электрычка на маршруце Чарнігаў-Нежын, у просценькай, але прыгожанькай бэжава-блакітнай ліўрэі "Укрзалізніцы"



11. Усярэдзіне чарнігаўскі чыгуначны вакзал, дарэчы, не такі цікавы, ды і цягнікоў тут нязвыкла для абласнога цэнтра ходзіць зусім нямнога, як бачна з гэтага расклада руху. Хаця вось на Нежын пяць прыгарадных цягнікоў штодня ходзіць якраз



12. Яшчэ адна шаўрма. Днішча-хаўчык-паездка пакуль складвалася, асабліва з улікам таго, што паабедаў я ў той дзень ўвогуле ў МакДаку. Праўда, больш шаўрмой ва Украіне я не харчаваўся, у Кіеве больш аддаючы перавагу ўсялякім "Пузатым хатам"



13. Збоку ад чыгуначнага вакзала стаіць значна больш сціплы ягоны аўтобусны сабрат



14. Тут транспарту значна больш



15. Глобус Мапа Украіны



16. Сцены прыгожыя



17. Савецкі артэфактык



18. Даехаць з Чарнігава да Кіева - увогуле не праблема, аўтобусаў там толькі з аўтавакзала бегае некалькі штук на гадзіну (і кажуць, што яшчэ ёсць і маршруткі ад нейкага ГЦ). Праўда, са звыклым для мяне і зручным агульнаўкраінскім bus.com.ua Чарнігаўшчына чамусьці не сябруе, але я без аніякіх праблемаў набыў квіток у касе. Каштаваў квіток тады 114,77 грывен, альбо 8,70 беларускімі рублямі (курсы бяру на сённяшні дзень, пасля чэрвеня курс грыўны да беларускага рубля амаль не змяніўся). Падалі на рэйс адзін са "знакамітых" украінскіх "Эталонаў"



Ад'ехалі ад вакзала, праехалі пару вуліц - і стоп, выходзьце, перасядайце ў іншы аўтобус. Прычым, у той аўтобус, што ад'ехаў ад аўтавакзала за 10 хвілін да майго, ён 10 хвілін прачакаў у нейкім завулку, каб забраць нас. Напэўна пасажыраў было на абодвух рэйсах нямнога і прыватнікі вырашылі лішні аўтобус дарма не ганяць, а мо ў іх там і сваі прыватныя разлікі былі, бо я ж начытаўся ўжо артыкула "Анлайнера" пра суадносіны маршрутчыкаў

Так ці інакш, праз прыкладна дзве гадзіны я ўжо быў у Кіеве, дзе адразу выскачыў на Лыбідскай (самі аўтобусы бегаюць да Дарніцкай) і хутка быў ужо ў хостэлу. Вынікова дарога з Баранавічаў у Кіеў абыйшлася мне у 25,03 беларускіх рублёў. Але назад з Кіева я прыехаў яшчэ танней :)

***

Амаль праз два дні ўвечары мяне ўжо можна было пабачыць на вакзале станцыі Кіеў-Пасажырскі. Адсюль у 21.23 штодня адпраўляецца пасажырскі цягнік 097К напрамкам Кіеў-Ковель. Паколькі я ў цягніку ніколі не бяру бялізну (не дзеля эканоміі, а проста мне так зручней і больш падабаецца, ды й выдатна сплю я ў цягніках і без яе - у кожнага свае дурніцы ж), а таксама адмовіўся ад прапанаваных "двух напояў", квіток каштаваў мне 95,36 грывен, альбо 7,23 беларускіх рублёў. Як там кажа krevoshey - Слава Укрзалізніцы! Адно што здзівіла, што ва Украіне нават пры набыцці электронных квіткоў трэба прыносіць з сабой раздрукоўку, бо спісу з набыўшымі электронныя квіткі ў правадніцы няма, і замест параўнання пашпартаў са спісам яна сканавала штрых-коды на квітках сканерам. Добра было, што я на ўсялякі выпадак гэтую раздрукоўку такі ўзяў! Ды і мала таго, пасля яна яшчэ і палаялася на мяне, што я гэтую раздрукоўку схаваў у заплечнік замест таго, каб аддаць ёй. Вось так вось, абірайце: ці вам патрэбны сервіс РЖД з неадекватнымі коштамі на квіткі (праўда, больш-меньш якасны сервіс там не адзінай і нават не галоўнай нагодай конскім тарыфам), альбо капеечныя квіткі Укрзалізніцы, але з нярвовай саўковай правадніцай (хаця чамусьці думаю, што саўковыя правадніцы і ў цягніках РЖД пры жаданні знайдуцца). Белчыгунка, на мой погляд, такі па абодвум паказчыкам бліжэй да украінскай - ды й ладна, расійскіх тарыфаў я не жадаю, а саўковых цётак неяк перацерпім, не толькі ж на чыгунцы яны ў нас, звыклыя мы :)

19. На платформе кіеўскага вакзала



20. Цягнік Львоўскай чыгункі



21.



22. У 7.32 раніцы цягнічок (спаў вельмі добра, не хвалюйцеся) прыбыў на станцыю Ковель. Было сонечна (а ад'язджаў з Кіева пад досыць моцным дажджом), на той жа платформе стаялі патрапаныя жыццём вагончыкі нейкага мясцовага цягніка, маршрут ужо дакладна не памятаю, па-мойму гэта быў цягнік Львоў-Ковель, за раскладам руху такі ў гэты час там і праўда ёсць, але я не ўпэўнены - шыльду не фатаграфаваў, а за 6 месяцаў многае забылася, канешне ж



23.



24. Бачны будынак вакзала. Станцыя тут досыць буйная; Ковель, як і Баранавічы - скрыжаванне шасці дарог



25. А вось і мясцовая электрычка, але мне ехаць не ёй; электрычкі тут, калі не памыляюся, толькі ў бок Здалбунава бегаюць - мне ж туды не трэба, мне на паўночны захад



26. Расклад руху пасажырскіх цягнікоў



27. Прыгарадных цягнікоў тут нямала (а як інакш, з шасцю жа напрамкамі!)



28. Мне належала праехаць часткай вядомага эканом-маршрута з Беларусі на Львоў - трыма прыгараднымі цягнікамі ад Ковеля да Баранавічаў. Можна было, канешне, з Кіева ехаць гэтай жа дарогай, якой і прыехаў, праз Чарнігаў і Гомель, але мне захацелася пакатацца украінскім прыгарадным цягніком, чаго я раней ніколі не рабіў. Першы цягнік - украінскі дызель Ковель-Забалацце, квіток каштаваў капеечныя 13,32 грывен, альбо 1,01 беларускіх рублёў



29. Вакзал усярэдзіне. Станцыя там "астраўнога" тыпу - рэйки з двух бакоў



30. Ля табло чакаў інфармацыі, на якім шляху будзе мой цягнік. Побач тусавалася група дзетак з заплечнікамі і турыстычнымі кілімкамі - напэўна, школьнікі на летнія канікулы з настаўнікамі ў паход сабраліся



31. Выйшаў ужо на платформу. Побач рыхтуецца да адпраўлення прыгарадны цягнік Ковель-Сарны - ён адыходзіць за 10 хвілін да майго дызеля на Забалацце



32. Нібыта цеплавоз (і дыміў жа ён перад адпраўленнем!) з купаламі



33. На другім баку вакзала рыхтуюць да адпраўлення цягнік, якім я сюды прыехаў - праз паўгадзіны, у 9.35, ён ужо пойдзе ў рэйс у зваротным напрамку, на Кіеў



34. А вось цеплавоз і мой дызелёк цягне. Ехаць мне належала каларытненькім і нязвыклым Д1 угорскай вытворчасці



35. Народу набілася многа, ужо ад вакзала Ковеля цягнік выязджаў амаль цалкам запоўнены, пасля Вербкі (якая ёсць фактычным прыгарадам Ковеля) народ увогуле стаяў у праходах і тамбурах. Трошкі сыходзіць публіка пачала толькі пачынаючы са станцыі Выжва (якая знаходзіцца ў райцэнтры Старая Выжыўка). Вагоны цягніка, канешне - поўнае рэтра, з залапленымі металам дыркамі ў падлозе, драўлянымі сідушкамі... Дарэчы, было ў той дзень яшчэ і даволі спякотна



36. У 10.48, праз паўтары гадзіны, я ўжо быў у Забалацці. Гэта гарадскі пасёлак Ратненскага раёна, апошняя станцыя Укрзалізніцы ў гэтым напрамку, літаральна за лесам тут ужо Беларусь



Далей мне належала перасесці на беларускі дызель Забалацце-Брэст, які адпраўляўся ў 13:00, праз дзве з лішнім гадзіны. Я планаваў перад паездкай пагуляць мястэчкам - там ёсць тыповая палеская драўляная царква і досыць вялікае Турскае возера, але канкрэтна ў гэты момант жадання куды-небудзь ісці не было, таму я вырашыў застацца на платформе і чакаць пачатку украінскага мытнага кантролю. Яшчэ, як належыць, Забалацце з'яўляецца (як і такі ж чыгуначна-памежны Удрыцк) досыць папулярнай базай для катаючыхся з Беларусі ў Украіну на "закупы", таму ля самой станцыі тут ёсць невялікі рынак і некалькі крамаў, але мне туды ісці не трэба было, бо я ўсі "закупы" зрабіў адразу ў Ковелі на Прывакзальнай плошчы. Ну вось так і стой і чакай цяпер... Заняў сабе чаргу, але гэта, як выявілася, было амаль бессэнсоўна, бо "чаўнакі" занялі ўсё яшчэ да мяне, адзін чаўнок трымаў чаргу для сябе і 3-5 сваіх сяброў-калегаў

37. Той самы цягнік Д1, якім я сюды прыехаў. Калі фатаграфаваў яго, на мяне адразу з усіх бакоў пачалі шыкаць - маўляў, "Вы знаеце, што будзет, калі пагранічнікі увідзят? Тут невядома што начнецца!" Хаця ў тырнэце можна знайсці многа фотаздымкаў і з самога Забалацця, і са станцыі, і фотачкі цягнікоў на гэтым самым вакзале... У любым выпадку, я хаця б будынак вакзала не фатаграфаваў (ён там нічога цікавага сабой не ўяўляе) і тую будку пагранічнікаў, у адрозненне ад некаторых іншых вандроўнікаў, што тут каталіся :)



Мытны кантроль ажыццяўляўся прама на платформе - там частка платформы ў Брэсцкі бок, да якой і пад'ехаў брэсцкі дызелёк, агароджана заборам, і запускаюць туды ўжо толькі пасля мытнага кантролю (прычым, канешне ж, спачатку трэба было яшчэ пачакаць, пакуль правераць усіх, хто прыехаў з Беларусі). Жанчына-пагранічнік доўга дапытвала мэту майго візіту і не магла паверыць, што я катаўся ў Кіеў з турыстычнай мэтай і зараз вяртаюся ў Баранавічы ажно праз Забалацце :) На самой справе, гэта быў якраз самы пік той гісторыі, калі беларусаў і малдаван масава гадзілі ездзіць ва Украіну і рэгістраваць на сябе увазімыя у краіну аўтамабілі (гэта такі спосаб не плаціць пошліну для сапраўднага ўкраінскага ўладара аўтамабіля), таму і не дзіва такая зацікаўленасць. Але пасля таго як я назваў свой хатні адрас, адрас хостэла ў Кіеве і цікавосткі, якія глядзеў ва украінскай сталіцы, мяне такі прапусцілі. Ну ўсё, можна супакойна ехаць дадому!... Але ж не, яшчэ ж беларуская мытня ў Хаціславе (цягнік праязджае перагон паміж станцыямі, і беларускія пагранічнікі правяраюць пасажыраў ужо ў цягніку) - за зачыненымі дзвярыма, у спёку, яшчэ на гадзіну. І такія ж недаверліва-дапытлівыя. Нават больш - беларусы і тыя ж вапросы задалі, і змест заплечніка і пакета з ковельскімі пакупкамі падрабязна вывучылі. То бок, едучы з украінскай тэрыторыі самотны мужчына 30 гадоў - гэта падазроная асоба; хто яго ведае, ці аўто на сябе рэгістраваў, ці ўвогуле ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны самі ведаеце ў чым і дзе паўдзельнічаў...

Ужо захацелася есці, таму купіў у вагоннай гандляркі смачнага сыру-коскі, перакусіў - і яшчэ амаль две гадзіны дарогі ў спёку забітым (пасля Маларыты народу нават пабольшала) цягніком Забалацце-Брэст да канцавой. Квіток трэба набываць ужо ў цягніку ў касіраў (пачынаюць бегаць вагонамі ўжо ў Хаціславе, адразу за пагранічнікамі), каштуе 2,10 беларускіх рублёў. На Брэсце-Пасажырскім быў у 15.58

38. У мяне была няясная надзея у Брэсце пераскочыць на адыходзячую ўсутыч з прыбыццём дызеля з Забалацця электрычку Брэст-Баранавічы, але мой дызель некалькі спазняўся, таму электрычку сваю я пабачыў ужо адыйшоўшай на маршрут ў вакно дызеля на пад'ездзе да вакзала... Ну і ладна, наступная электрычка ўжо ў 17.40. Яшчэ, як высветлілася, яна была хуткасная - то бок, прыпыняецца толькі некаторымі станцыямі і праходзіць маршрут меньш чым за 2,5 гадзіны. На брэсцкім вакзале (які я лічу самым прыгожым і ўтульным з беларускіх вакзалаў) паспеў нават за плату зарадзіць тэлефон (бо і смартфон, і павербанк паспелі за амаль два дні хадзьбы Кіевам і язды цягнікамі разрадзіцца, а дарогу да дому яшчэ трэба каратаць), перакусіць у буфеце... І ўсё, я ў цягніку. Квіток на апошні адрэзак шляху ад Брэста да Баранавічаў-Палескіх каштаваў 4,22 беларускіх рублёў



Увечары спякота адыйшла, а цягнік быў амаль парожні. Гэтыя дзве з капейкамі гадзіны я ехаў у стане адпачынку душы і большую частку шляху ўвогуле праспаў. Нават сядзеўшая ў адным вагоне са мной пара ў падпітку, вяртаючаяся з нейкага святкавання ў Жабінку, была не буйная, а гаспадар сям'і за палову гадзіны шляху паспеў перазнаёміцца і пагутарыць з амаль усімі нешматлікімі пасажырамі, мяне ж перад самай Жабінкай разбудзіў са словамі: "А вы не да Жабінкі? Вы не праспіце? А то я вельмі хвалююся, што вы праспіце..." Ну, вось і ўся дарога, яшчэ да ночы я быў дома - меньш за суткі цягнікоў і вакзалаў

У выніку, зваротная дарога каштавала мне смешныя 14,56 беларускіх рублёў, а ўсяго дарога туды-адтуль - 39,59 беларускіх рублёў. Параўнайце гэта з 150-180 рублямі, якія б я заплаціў за плацкартныя квіткі

Ну, а артыкулы пра прагулянкі Чарнігавым, Кіевам і асобна музеем народнай архітэктуры і побыту ў Пірогаве яшчэ будуць

Дзякуй за ўвагу!
Tags: 2018, БЖД, Белчыгунка, УЗ, Украина, Укрзалізниця, ж/д, железная дорога, транспорт
Subscribe

Posts from This Journal “Украина” Tag

promo elgatomarinero7 august 15, 11:30 4
Buy for 10 tokens
Гэтым разам я распавяду вам пра сапраўды спякотную і летнюю (хоць каляндарна яна і адбылася 23 траўня - але травень у гэтым годзе атрымаўся, напэўна, больш летні за які-небудзь ліпень) вандроўку паўночна-заходнімі раёнамі. Стартаваў на станцыі Гаўя ў ваколіцах Іўя, праехаў на поўдзень у бок…
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 20 comments