Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Category:

2018 год. Мой рэйтынг 25 лепшых наведаных месцаў

Набліжаецца Новы год (хоць я і адносна супакойна адношуся да гэтага свята) і многія імкнуцца заспаміць ленты сацыяльных сетак сваімі "вынікамі года". Адзначуся гэтым і я. Так выйшла, што гэты пост я планаваў выкласць 30 ці 31 снежня, але не паспеў яго дапісаць, таму зроблены ён ужо ў 2019 годзе. Для апошняга ў 2018 першага ў 2019 годзе артыкула я вырашыў скласці свой рэйтынг самых спадабаўшыхся мне лакацый, якія я адкрыў для сябе ў гэтым мінулым годзе. Рэйтынг суб'ектыўны, улічваў толькі беларускія аб'екты (ды і быў я ў гэтым годзе за мяжой толькі ў Чарнігаве і Кіеве), браліся як архітэктурныя, так і прыродныя цікавосткі, і абавязковай умовай было тое, што я наведаў іх у гэтым годзе менавіта ўпершыню

25. СВЕТЛАГОРСК
гістарычны савецкі цэнтр 50-60х гадоў з каларытным ДК Энергетыкаў, р.Бярэзіна, Крыжаўзвіжанскі касцёл


Светлагорск, дзе на самой справе няма ніякіх гор (але святла ў той дзень і праўда хапала) цяжка аднесці як да турыстычных Меккаў, так і да спісу лепшых для жыцця беларускіх гарадоў. Але ж мне ён пакінуў уражанне сімпатычнага правінцыйнага гарадка з магутнай ракой, мноствам зелені і паркавых зонаў. Ну і самае цікавае месца Светлагорска - т.зв."Стары горад", дзе ў некаторых дэталях захавалася атмасфера савецкага правінцыйнага гарадка часоў хрушчоўскай "адлігі", з цэнтральным і самым каларытным будынкам раёна - ДК Энергетыкаў

24. ВАВЁРКА (Лідскі р-н)
касцёл Ператварэння Гасподняга (1840я гг.)


Я не Ася Паплаўская, але касцёлы таксама люблю, і ў рэйтынгу, забягаючы наперад, будзе іх ажно 7 штук. І першым з іх у спісе стаў прыгожанькі чырвона-белы касцёл у вёсцы Вавёрка Лідскага раёна, на Гарадзеншчыне

23. ТАРНАВА (Лідскі р-н)
сядзіба Маўросаў (XIX-пач.XX стст.)


Наступны абъект таксама наведаны мной у той жа самай чэрвеньскай велавандроўцы вёскамі Лідскага і Воранаўскага раёнаў. Даволі нязвыклы для Беларусі будынак галоўнага сядзібнага дома-палаца, які ў асяроддзі тыповага сучаснага заходнебеларускага аграгарадка выглядаў зусім нечакана (нават нягледзячы на тое, што перад вандроўкай фота будынку я ўжо бачыў). Абавязкова трэба праехаць трошкі на поўнач ад сядзібы, на ўскраіну вёскі - там часткова захаваўся будынак былога млына-ветрака

22. ЖЫРМУНЫ (Лідскі р-н)
рэшткі сядзібы Радзівілаў (кан.XVIII-пач.XIX стст.)


Усё тая ж велавандроўка (ну, так склалася, спецыяльна гэтыя аб'екты ў радок не ставіў). Можа і праехаў б міма гэтай вёскі, бо не на шляху ён першапачаткова быў, але ў красавіку мясцовы палац патрапіў у навіны - "дзякуючы" часткова абваліўшайся браме (праз браму, дарэчы, вясковая дарога-вуліца праходзіла). Дальнейшы лёс брамы мне, нажаль, невядомы, але ў навіны ён, здаецца, больш не трапляў, таму відавочна там усё пакуль без зменаў

21. ФЛЕР'ЯНОВА (Ляхавіцкі р-н)
сядзіба Бохвіцаў (2-я пал.XIX ст.)


Той аб'ект, куды скатацца даўно збіраўся, а выніку паехаў туды ледзь не раптоўна. Былая сядзіба арыгіналаў Бохвіцаў (дарэчы, была ў іх у ваколіцах Баранавічаў і яшчэ адна сядзіба - у Паўлінаве, дзе не так даўно галоўны будынак зганьбілі эўрарамонтам), якая зараз падтрымліваецца ў досыць нармалёвым стане сучаснымі ўладарамі-энтузіястамі, жывучымі побач - сям'ёй Траццякоў

20. ЛЕПЕЛЬ
Лепельскае возера, цмок, касцёл св.Казіміра (1857-76 гг.), гістарычны цэнтр


Горад-возера. Як і ў выпадку з Браславам, галоўная асацыяцыя пасля наведвання Лепеля - гэта велікае Лепельскае возера, на якое горад выходзіць практычна самым цэнтрам. А на беразе возера стаіць постаць Лепельскага Цмока, якая ўжо стала мясцовым брэндам (хоць і спрэчным, дарэчы - хапае тых, хто лічыць яго турысцкай "клюквой" і бязгусціцай-агратрэшам). Але і без возера ў Лепелі ёсць трошкі цікавай старыні. У Лепелі я быў у верасні, падчас вандроўкі па поўначы Беларусі, таму больш падрабязнае апавяданне пра маіх некалькі гадзін у гэтым горадзе вас яшчэ чакае

19. БАБРУЙСК
Бабруйская крэпасць, гістарычны цэнтр горада


Горад вялікі, вядомы, меметычны. Абыйдуся без цытавання Ільфа і Пятрова і прыгадання інтэрнэт-гумару, проста адзначу, што гэта хоць і спецыфічны, але даволі цікавы горад, з рэшткамі вялізарнай крэпасці XVIII-XIX стагоддзяў і невялічкім і ўтульным (хоць і не вельмі дагледжаным) гістарычным цэнтрам былога габрэйскага горада

18. РАГОТНА (Дзятлаўскі р-н)
касцёл св.Анёлаў-Ахоўнікаў (1840 г.)


Файная ўзгорыстая мясцовасць, прыгожы белы "класічны" касцёл з калонамі

17. ВАЎКАВЫСК
касцёл св.Вацлава (1846-48 гг.), "дом Багратыёна", трошкі цэркваў і старой забудовы (да гарадзішчаў не даехаў - пакінуў на іншыя выпадкі)


Адзін з самых старых гарадоў краіны - нажаль, асабліва вялікай зацікаўленасцю з боку турыстаў ганарыцца не можа, але паглядзець ёсць што; ды і месца (як і належыць заходнебеларускаму мястэчку) ўтульнае і прыемнае

16. БАБРУЙСК, ВАКЗАЛ СТАНЦЫІ "БЯРЭЗІНА"
вакзальны будынак (1908 г.)


Прыгожых вакзальных будынкаў у гэтым годзе хапала, але чамусьці больш за ўсё спадабаўся і запомніўся менавіта будынак другой па рангу станцыі Бабруйска - я нават вырашыў вылучыць яго для дадзенага рэйтынгу асобна ад усяго астатняга горада. Стары дарэвалюцыйны будынак, да якога яшчэ не дайшлі рукі сучасных ганьба-рэстаўратараў (у адрозненне ад галоўнага бабруйскага вакзала, дзе будынак 1900 году да "Дажынак" спаганілі да стану поўнай нецікавасці); варта тут і зайсці ўсярэдзіну дзеля таго, каб убачыць савецкае пано-мазаіку з мапай чыгункі СССР

15. БУСЯЖ (Івацэвіцкі р-н)
Успенская царква (1773-79 гг.)


Вельмі прыгожы былы уніяцкі храм (зараз выкарыстоўваецца праваслаўнымі)

14. ВУСЦЕ Р.ЛАНЬ (Лунінецкі р-н)


Як я і абяцаў, у рэйтынг патрапілі і прыродныя аб'екты. Вусце аднаго з галоўных прытокаў Прыпяці было цікава сваёй недасяжнасцю - ад цывілізацыі там было кіламетраў 7 балотаў і дрэнных дарог, прычым прабраліся мы туды выключна дзякуюцы інтуіцыі і навыкам victogan, бо калі першы раз упёрліся канчаткова ў непралазныя балоты, першай думкай было з няславай вяртацца назад. Ну а што да самаго вусця, то Прыпяць - надзвычай файная рака, а тое, што да яе многа дзе не падбярэшся, робіць галоўную раку Палесся яшчэ больш цікавай

13. СЫНКАВІЧЫ (Зэльвенскі р-н)
царква св.Міхаіла Арханёла (пач.16 ст.), рэшткі сядзібы


Топавая і вельмі добравядомая па беларускіх мерках цікавостка. Найстарэйшы помнік абароннага дойлідства на Беларусі, суровы гатычны праваслаўны храм. Зусім недалёка ад царквы і трошкі чаго ад былой вясковай сядзібы засталося (сам сядзібны дом, дарэчы, разабралі ў нулявых)

12. Р.ШЧАРА Ў В.ВОЛЬКА (Івацэвіцкі р-н)


Шчара - сама сабой вельмі маляўнічая невялікая рака. У верхнім цячэнні пятляе балотамі, дзесьці з Івацэвіцкага раёна ўжо пераўтвараецца ў адносна шырокую прыгожую раўнінную рэчку. Прыгожых месцаў на ёй хапае, вылучу такі кропкі ля "ваеннай" вёскі Волька - там праз раку перакінуты ажно тры масты (адзін з іх - пешаходны; на мапе ёсць яшчэ адзін, у кіламетры ад вёскі, але я яго такі ў гэтым годзе прапусціў), а перад самой вёскай гравійная дарога некаторы час ідзе берагам самой ракі

11. АЛЬБЕРЦІН (Слонім)
сядзіба Пуслоўскіх (1 пал. 19 ст.)


Сам Слонім я называю сваім другім любым беларускім горадам (пасля Пінска), у Альберціне ж пабываў упершыню толькі ў лютым мінулага года. Альберцін зараз з'яўляецца юрыдычна часткай Слоніма (сюды нават гарадскія слонімскія аўтобусы ходзяць), па факту ж ён больш пакідае ўражанне асобнага населенага пункта (ці проста пасёлка пры вялікім кардонна-папяровым заводзе). Прыкметны вялікім палацава-паркавым комплексам Пуслоўскіх, які зараз можа і не ў ідэальным стане, але хаця б выкарыстоўваецца (зараз там моладзевы цэнтр) і не развальваецца

10. ВАДАСХОВІШЧА СЯЛЕЦ (Бярозаўскі р-н)


Адчыняе дзясятку вялікае і маляўнічае палескае вадасховішча недалёка ад Бярозы. Яшчэ навокал - файныя лясы з маляўнічай лясной чыгункай-вузкакалейкай, ды й у самой вёсцы Сялец ёсць на што паглядзець

9. ВАРОНЧА (Карэліцкі р-н)
касцёл св.Ганны (1773-81 гг.), каталіцкія могілкі, бровар


Адносна невялікая вёска амаль на мяжы Карэліцкага і Наваградскага раёнаў. Прыкметная, па-першае, старым белым касцёлам, па-другое - даволі цікавымі старымі каталіцкімі могілкамі

8. ШЫЛАВІЧЫ (Ваўкавыскі р-н)
Траецкі касцёл (1907-14 гг.)


У верасні я здзейсніў невялікую велавандроўку касцёламі Ваўкавышчыны, самым прыгожым і цікавым з якіх выявіўся касцёл у Шылавічах - адзін з самых высокіх у Беларусі. Фотаздымкі яго магутнасць, нажаль не перадаюць, але паверце - ужывую ён выглядае вельмі эфектна, а яго адзіная вежа бачная вельмі здалёк

7. КРАСНЫ (ЧЫРВОНЫ) БЕРАГ (Жлобінскі р-н)
сядзіба Гатоўскіх (кан.19 ст.), мемарыяльны комплекс


Усход краіны не такі багаты на цікавосткі, як захад, але і там трапляюцца выключэнні ў выглядзе цікавых для турыстаў месцаў, кшалту Чачэрска, Смалянаў ці Краснага Берага. У Смалянах у гэтым годзе я таксама быў, але не ўпершыню, таму ў рэйтынг уключаць гэтую вёску не стаў (артыкул пра Смаляны, аднак, канешне ж, будзе). А вось Красны Бераг - калі ласка, перш за ўсё дзякуючы палацава-паркаваму комплексу, які зараз адрэстаўраваны (парк, праўда, не ў самым добрым стане). Ёсць у Красным Беразе і сумная цікавостка - мемарыяльны комплекс на месцы былога "дзіцячага" канцлагеру, т.зв. "Дзіцячай Хатыні"

6. ГЛЫБОКАЕ
Траецкі касцёл (1764-82 гг.), сабор Нараджэння Багародзіцы (1639-54 гг.), гістарычны цэнтр


Яшчэ адна кропка, справаздача пра вандроўку куды яшчэ чакае свайго часу. У Глыбокае патрапіў раптоўна, бо першапачаткова туды ехаць не планаваў. Вельмі цікавае і ўтульнае мястэчка, не падобнае на ўвогуле дэпрэсіўную глыбінку Віцебшчыны

5. КАЖАН-ГАРАДОК (Лунінецкі р-н)
царква св.Мікалая (1818 г.)


Традыцыйна для Палесся буйная вёска на Лунінеччыне. Запомнілася "пізанскай" драўлянай царквой

4. ДЗІСНА (Мёрскі р-н)
Дзвіна, гістарычная забудова, касцёл Дзевы Марыі (каля 1773 г.)


Самы маленькі горад Беларусі, невялікі гістарычны гарадок, зараз перажываючы перыяд заняпаду: працы мала, народ горад паціху пакідае (а многія з тых людзей, што засталіся, кожны дзень катаюцца на работу паромам праз раку ў суседні раён), гістарычная забудова паціху руйнуецца. Алё ўсё гэта - на фоне магутнай Дзвіны з востравам Стэфана Баторыя і рэшткамі замка (на востраў, нажаль, так проста не патрапіць, хоць у будучыні і плануецца пабудаваць пешаходны мост ад горада да вострава і далей, на іншы бераг ракі). І так, яшчэ там ёсць паром і адзін з самых старых (а магчыма, і самы стары) дзеючых мастоў Беларусі. Пра Дзісну яшчэ абавязкова напішу, вельмі цікавае месца

3. МЯДЗВЕДЗІЧЫ (Ляхавіцкі р-н)
касцёл св.Пятра і Паўла (1908 г.)


Адчыняе "тройку" і займае першае месца сярод касцёлаў (і архітэктурных аб'ектаў увогуле) "цацачны" (не па памерах - ён таксама даволі высокі) касцёл у Мядзведзічах. Дарэчы, гэты аб'ект - з ліку тых, да якіх я магу паспець даехаць нават увечары пасля працы, таму думаю, што і ў гэтым годзе Мядзведзічы я абавязкова наведаю

2. Р.НЁМАН ПАМІЖ БЯРОЗАЎКАЙ І ІЎЕМ (Лідскі, Наваградскі, Іўеўскі р-ны)


А першыя два месцы ў маім рэйтынгу займаюць прыродныя аб'екты. Берагам Нёмана на мяжы Лідскага, Наваградскага і Іўеўскага раёнаў я ў гэтым годзе праехаўся два разы: у сакавіку, падчас паводкі, і спякотным чэрвенем, калі вырашыў праехаць маршрутам марафону "Прынёманскі". Падрабязней пра гэтыя мясціны можна прачытаць/паглядзець у адпаведных справаздачах (ціскайце спасылачку ў загалоўі, яна вывядзе на спіс справаздач пад патрэбным тэгам), кажу толькі, што Нёман там надзвычай маляўнічы (ды й нібыта дзесьці ён не такі?)

1. ВЫГАНАШЧАНСКАЕ ВОЗЕРА (Івацэвіцкі р-н)


А на першае месца я паставіў той аб'ект, які наведаць хацеў ужо ўвогуле даўно-даўно. Канешне, на паўднёвы бераг Выганашчанскага возера патрапіць зараз - не нейкі там подзвіг, гэта ў пачатку 20 стагоддзя Аркадзь Смоліч Выганашчанскае возера называў недасяжным з зямлі, цяпер жа тут пляж-курорт-гатэль і роўная дарога (праўда, вось ужо сама дарога ад чыгунак у гэтыя мясціны куды больш цікавая і месцамі складаная). Але гэта толькі паўднёвы бераг, з астатніх бакоў возера па-ранейшаму амаль такое ж дзікае і цікавае, як і сто год таму. Але ж мне хапіла і паўднёвага берага, для астатніх я (пакуль?) не гатовы, для гэтага мне ў "воднікі" трэба перакваліфікоўвацца, але пакуль не цягне. І думаю, што вярнуся сюды і ў новым годзе

Ну, і коратка пра вынікі года. Праехаў на ровары прыкладна 5000 кіламетраў - дзесьці ў верасні скончыў іх падлічваць на адзнацы 4415 км, і потым праехаў, напэўна, яшчэ прыкладна соцен пяць. За год давялося пабываць ва ўсіх шасці абласцях краіны (у мінулым годзе іх было 5 - не быў на Магілёўшчыне). Таксама пабачыў усе "галоўныя" беларускія рэкі, акрамя Заходняга Бугу (хоць у Брэсце і быў некалькі разоў) - у мінулым годзе была тая ж лічба, тады я не бачыў Дняпро. Упершыню пабываў у 11 новых для сябе гарадах і пасёлках-райцэнтрах краіны (Бяроза, Давід-Гарадок, Глыбокае, Дзісна, Лепель, Шуміліна, Жлобін, Светлагорск, Бярозаўка, Ваўкавыск, Бабруйск), вёскі ўжо не падлічваў. Больш-меньш вялікія вандроўкі (не роварныя) на некалькі дзён былі дзве: у чэрвені скатаўся ў Чарнігаў і Кіеў (адзіны раз у годзе, калі пабываў за мяжой), у верасні некалькі дзён катаўся райцэнтрамі Віцебшчыны. У выніку мапа маіх перасоўванняў за год выглядае наступным чынам:

сіні колер - ровар
чорны колер - чыгунка
зялёны колер - аўтобусы
у выніку супадзення і накладак відаў транспарту у першую чаргу пазначаны ровар, у другую - чыгунка, у трэцюю - аўтобус

by-auto-850k-2018.jpg
Tags: 2018
Subscribe

Posts from This Journal “2018” Tag

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 20 comments