Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Вераснёвая Віцебшчына - ч.1. Смаляны

Хопіць гарадскога кіеўскага гламура, прыйшоў час зноў паглядзець на беларускую глыбінку. Ужо другі год запар я вырашыў у свой асенні водпуск скатацца не абы-куды, а на Віцебшчыну. Віцебская вобласць па беларускіх мерках лічыцца рэгіёнам ціхім, небагатым і нават нехта (я, напрыклад) дэпрэсіўным яго часам называе. Там самыя нізкія афіцыйныя заробкі ў краіне, там ціхія невялічкія небагатыя гарадкі і пасёлачкі (калі толькі не браць прамысловыя Віцебск, Оршу і агламерацыю Полацка-Наваполацка, якія ад астатняй Віцебшчыны дастаткова моцна адрозніваюца - увогуле, у Беларусі больш, на мой погляд, нідзе няма такога кантрасту паміж галоўнымі гарадамі і глыбінкай, як у Віцебскай вобласці), але хто ж казаў, што тут нецікава? Хапае на Віцебшчыне і архітэктурных цікавостак, а па прыроднай прыгажосці гэта, напэўна, якраз-такі самая маляўнічая вобласць Беларусі (хто не верыць - ціскаем сюды і глядзім фотачкі Браслаўскіх азёраў). То бок, ёсць менавіта ў Віцебшчыне свой своеасаблівы каларыт, які вымушае такога аматара валацужыць па беларускіх гарадках і вёсачках, як я, час ад часу сюды вяртацца. А распачаў я сваю вандроўку, якая доўжылася чатыры дні, са Смалянаў.

Калі нехта кажа, што ва Усходняй Беларусі за межамі вялікіх гарадоў увогуле няма чаго глядзець, бо за часы "саветаў" усё знішчана, то супрацьлеглы бок дыскусіі ў якасці сваіх аргументаў пачынае прыводзіць спіс з некаторых сапраўды цікавых правінцыйных турыстычных кропак, там абавязкова пералічваюцца Красны Бор, Мсціслаў, Здраўнева... Смаляны ў гэтым радку звычайна называюцца ў першую чаргу. У кагосьці ў справаздачах нават бачыў такі эпітэт як "самая цікавая вёска Усходняй Беларусі". Увогуле, паселішча гэта досыць старое: першапачаткова прыгадваецца (то бок, фактычна існавала і раней) у 1484 годзе. Версіі наконт паходжання назвы дзве: альбо ад слова "смала", альбо паселішча так назвалі палачане, бо знаходзілася яно на мяжы Полацкага і Смаленскага княстваў. Належала Бельскім, Астрожскім, Сангушкам і іншым. У 1626 годзе князь Сімон Сангушка-Ковельскі пабудаваў тут мураваны замак "Белы Ковель", рэшткі якога і зараз з'яўляюцца галоўнай цікавосткай паселішча. Гэта былое мястэчка, у 19 стагоддзі насельніцтва перабольшвала нават 2 тысячы чалавек (вядома ж, абсалютную большасць складалі габрэі), зараз Смаляны маюць вясковы статус (ці, як гэта называецца на "новоязе", "з'яўляюцца аграгарадком"); насельніцтва ў 2010 годзе, згодна з дадзенымі Вікіпедыі, складала 593 чалавекі, але ўжо пасля гэтага, у 2011 годзе, Смаляны былі аб'яднаныя з суседняй вёскай Агранамічнай - пасёлкам мясцовага аграрнага каледжа (які дэ-факта і так з'яўлялаўся часткай Смалянаў - Агранамічная і Смаляны аддзеленыя адна ад адной толькі парай-тройкай дзесяткаў метраў лугу ў рачной пойме), з насельніцтвам каля 700 чалавек - то бок, цяпер тут жыве больш за тысячу чалавек мясцовага насельніцтва



01. Гэта яшчэ не Смаляны, а чыгуначны вакзал у Оршы. Смаляны знаходзяцца ў Аршанскім раёне, і туды досыць часта з райцэнтра ходзяць прыгарадныя аўтобусы і маршруткі. Раней аршанскі аўтавакзал знаходзіўся ледзь не на супрацьлеглым канцы горада (даволі вялікага, калі што), але некалькі год таму, падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскіх "Дажынак" і "дажынкізацыі" горада, аўтавакзал перанеслі на Прывакзальную плошчу чыгуначнага вакзала. Дарэчы, калі ўжо казаць пра транспартнае злучэнне Смалянаў з астатняй краінай, ёсць станцыя "Смаляны" на чыгунцы Орша-Лепель, але сама вёска знаходзіцца ў шасці кіламетрах ад чыгункі і станцыі


[Удакладненне пра назву вёскі]*уздыхае* Адразу ўдакладню ўжыванне мной назвы паселішча: існуюць два варыянты назвы вёскі: Смаляны і Смальяны. Па-руску яна завецца Смольянами. Я выкарыстоўваю першы варыянт (без мяккага знака), бо мне ён больш даспадобы і да таго ж падаецца больш "беларускім"

Аўтобусік Аршанскага аўтапарка на маршруце Орша-Шыбекі досыць доўга вёз мяне невысокімі, але досыць маляўнічымі ўзгоркамі Аршанскага ўзвышша. Потым, праехаўшы мост праз тоненькую рэчку Адроў, ён звярнуў з трасы Р15 - і вось я на месцы. Прыпынак знаходзіцца на фактычна цэнтральнай плошчы вёскі...ну, калі гэта можна назваць плошчай ўвогуле

02. Расклад руху. Аўтобусаў на гэтым патрапаным раскладзе нямнога, але тут, як выявілася, не ўсе аўтобусы ёсць, а да таго ж яшчэ бегаюць тут і маршруткі


03. Нармалёвае фота "плошчы" зрабіў ужо толькі перад ад'ездам - то бок, не здзіўляйцеся рэзкай змене надвор'я і святла. Тут на адным кавалку зямлі - адразу тры прадуктовыя крамы (у тым ліку і Эўраопт, які ўжо ўсе райцэнтры захапіў, а цяпер прадоўжвае саю экспансію ў вясковую мясцовасць), а ўдалечыні бачна адна з архітэктурных цікавостак вёсткі - рэшткі касцёла Дзевы Марыі


04. Спуск у даліну мясцовай рэчкі Дзярноўкі, удалечыні наверсе бачныя яшчэ адны руіны - праваслаўнай царквы св.Алексія, туды я таксама зазірну яшчэ


05. Жаўнёр


06. Адразу накіруюся да руін касцёла. Касцёл Дзевы Марыі, пабудаваны ў 1678 годзе (паводле меньш папулярнай версіі - у канцы 18 стагоддзя), частка былога кляштара дамініканцаў. Нажаль, значна пашкоджаны (як і сам коплекс кляштара) падчас шматлікіх войнаў


07. Стан жахлівы, працягвае руйнавацца


08.


09. Пу-гу!


10. Руіны кляштара - злева


11.


12. Акуратнай вясковай вуліцай іду да наступнай кропкі


13. Просценькая, але прыгожая праваслаўная Спаса-Ператварэнская царква, пабудова яе датуецца 1710 годам, потым будынак перабудоўваўся. Я яе яшчэ памятаю (а, я забыў казаць - у Смалянах я раней бываў, але вельмі даўно, яшчэ ў дзяцінстве) зялёна-блакітнай, але цяпер вось яе перафарбавалі ў больш стандартны блакіт. Царква цікавая тым, што фактычна складаецца з двух храмаў: асноўнага наверсе і крыптавага, унізе - але каб пабачыць гэта, трэба патрапіць усярэдзіну, а ў мяне такой магчымасці не было


14. З чатырох галоўных цікавостак Смалянаў гэтая царква - адзіная, што зараз перабывае ў нармалёвым стане і дзейнічае


15. А вось і галоўная мясцовая цікавостка - руіны замка Сангушкаў "Белы Ковель"


Замак пабудаваны дзесьці ў пачатку 17 стагоддзя, але цэлым ён прастаяў не так ужо і доўга - войны 17-18 стагоддзяў (Рэчы Паспалітай з Масковіяй і Паўночная) значна пашкодзілі яго, у канчатковы заняпад жа замак прыйшоў у 18-19 стагоддзях. Пасля паўстання 1830-31 гг. новы ўладальнік Смалянаў Васіль Сямёнаў пачаў разбіраць замак на цэглу, з якой, дарэчы, у той час была пабудаваная і Аляксееўская царква (да якой, яшчэ раз нагадаю, я яшчэ дайду). Спыніў гэтую распусту ўжо чарговы гаспадар мястэчка Цітоў - пры ім разбіраць замак скончылі, і нават нібыта праводзіліся нейкія працы па ўмацаванні таго, што ад пабудовы засталося. А засталося, канешне, нямнога - у наш час толькі рэшткі замкавай вежы стаяць на ўзгорку, на востраве паміж невялічкай ракой Дзярноўкай і яе рукавом - калісьці яны выступалі ў якасці равоў замка, але цяпер пераўтварыліся ў невялікія балоцістыя струменьчыкі вады

16. Дзярноўка і рукаў і з'яўляюцца натуральнымі перашкодамі, з-за якіх патрапіць да замка не так і проста. Я пра гэта ведаў, але такі паспрабаваў спачатку прайсці так, як паказана на мапе ОСМа. Выйшаў на невялічкі луг з вясковай сметніцай і кароўкамі


17. На ОСМ тут паказаны мост, але на самой справе станам на верасень 2018 года ніякага маста тут няма. Лезці ж бродам праз Дзярноўку не хацелася зусім


18. Знайшоў яшчэ адну сцежку, паспрабаваў прайсці ёй. Замкавая вежа зусім блізка - як тая груша, якую не скушаць


19. Але сцежанька зноў жа выцягнула мяне да балоцістай Дзярноўкі


Турыстычныя справаздачы пра Смаляны, дарэчы, раяць звяртацца да мясцовых жыхароў, каб яны паказалі дарогу, але аніводнай цвярозай душы мне ў той час у вёсцы не трапілася, а размаўляць з мясцовымі алканаўтамі неяк жадання не было. Павывучаўшы мапу, я вырашыў паспрабаваць яшчэ адзін варыянт. Дзеля гэтага прыйшлося перайсці праз невялічкае поле і патрапіць у пасёлак агракаледжа - былую вёску Агранамічную. Папярэджваю адразу, што некаторыя фота я рабіў ужо потым, днём, таму надвор'е і святло трошкі "скакаць" будуць.

20. Спачатку выйшаў да былога сядзібнага будынка Цітовых. Ну як да сядзібнага будынка... як пішуць, ад таго часу тут толькі падмурак застаўся, верхняя ж драўляная частка - пабудова ўжо савецкая, тут адзін з карпусоў агракаледжа


21. Побач знаходзіцца Дом культуры агракаледжа


22. І, напэўна, галоўны корпус


23. Цывілізаваны мост праз Дзярноўку, дзесьці тут калісьці быў вадзяны млын


24. Дзярноўка выглядае дзікавата і страхалюдненька


25. За мастом была ціхая дарожка, якая мая афіцыйнае імя - вуліца Садовая. Дзесьці далей будзе былы панскі сад, але туды я ў гэты раз не дайшоў


26. Яшчэ павароцік, яшчэ дарожка, яшчэ падазроная сцежачка ўглыб балота - і мосцік-кладачка, ужо не праз Дзярноўку, а былы роў замка


27. Уі, я на месцы!


28. Як бачыце, тут усё таксама сумна


29. Тут, напэўна стэнд турыстычны быць павінен, але ж хвігушкі


30. Панарама цэнтральнай часткі вёскі. Можна пабачыць і сіненькую Спаса-Ператварэнскую царкву, і вежы касцёла з-за дрэва выглядваюць


31.


32.


33.


34. І яшчэ адна панарамная кропка, ужо не ад замка, а па дарозе ціхімі сцежкамі ў паўднёвую частку вёскі


35. Восеньскія фарбы. За некалькі дзён да гэтага я насалоджваўся ў Ваўкавыскім раёне амаль сапраўдным летам, але ж на Віцебшчыну, як і павінна быць, восень куды хутчэй прыходзіць. Вы не глядзіце, што сонца - было ў той дзень досыць холадна


36. Вось і Аляксееўская царква. Будавалася, як я ўжо казаў, з цэглы замка, але зараз, што сімвалічна, таксама знаходзіцца ў стане заняпаду


37. Побач Васіль Сямёнаў фамільную капліцу-пахавальню сабе будаваў, але ж і яна ў такім жа стане


38. Некалькі постапакаліптычных фотаздымкаў, зробленых усярэдзіне царквы


39.


40.


41.


42. Аўтамабільны мост праз Дзярноўку


43. Тут Дзярноўка ўжо ўвогуле зусім калічная


44. І зноў царква з руінамі касцёла з-за капусты і дахаў хатак выглядваюць


45. Напрыканцы схадзіў да вясковых старых каталіцкіх могілак


46. Да магілы паэта, навукоўца і палітычнага дзеяча, сябра "таварыства філарэтаў" Тамаша Зана. На месцы яшчэ сустрэў двух жанчын з Оршы, прыехаўшых спецыяльна каб навесці парадак на гэтай магіле


47. Побач з Тамашам была пахаваная яго жонка Брыгіда


48. Жылыя дамы агракаледжа


49. Былы жылы будынак кляштара дамініканцаў


50. Старой мястэчкавай забудовы ў Смалянах, нажаль, амаль не засталося - хіба што такі вось будыначак знайшоў, тут гандляр калісьці нейкі сідзеў, напэўна. А калісьці была ў Смалянах і ратуша (драўляная), і гандлёвыя рады...


Як бачыце, надвор'е пачало паціху псавацца, таму я забег у Эўраопт, набыў трошкі ежы, перакусіў (схаваўшыся ад набяжаўшага такі дажджа на аўтобусным прыпынку), пахадзіў яшчэ трошкі вёскай...

51. "Ты хто такі, мы цябе не ведаем, давай валі адсюль, каб мы больш цябе не бачылі, тут толькі канкрэтныя пацаны маюць хадзіць, а не нейкія там гарадскія"


Далей мне трэба было дачакацца аўтобуса на Лепель, але ў раскладзе руху на аўтобусным прыпынку такога маршрута не было. Я ўжо вырашыў, што аўтобус гэты (які ў інтэрнеце ва ўсіх раскладах ёсць) у вёску не заязджае, праходзячы міма трасай Р15, але прадаўшчыца ў Эўраопце запэўніла мяне, што аўтобус сапраўды ў вёску ходзіць, і яна нават сама ім каталася. Так яно і было, бо хуценька, яшчэ трошкі пачакаўшы, я ўжо спаў у напалову пустым салоне "Радзіміча", якім мне належала яшчэ амаль дзве гадзіны ехаць у Лепель. А вось што я пабачыў там - гэта ўжо наступным разам
Tags: 2018, Беларусь, Витебская область, Оршанский район, Смольяны, Смоляны
Subscribe

Posts from This Journal “Витебская область” Tag

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 17 comments