Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Вераснёвая Віцебшчына - ч.2. Лепель

Папярэдняя частка:
Вераснёвая Віцебшчына - ч.1. Смаляны

Папярэднюю ноч я правёў спачатку на вакзале ў Брэсце, а потым - у плацкартным вагоне цягніка, таму выспаўся не надта добра, і ў аўтобусе адназу заснуў. Праспаў палову дарогі паміж Смалянамі і Лепелем - а ехаць там дзесьці пару гадзін. Аўтобус Орша-Лепель быў амаль пусты, то і не дзіва, што зараз у раскладзе руху я яго не бачу - скасавалі, відавочна. Ехаў ён усё той жа трасай Р15, толькі разок звярнуўшы з яе ў Чашнікі. Каля 5 гадзін вечара я ўжо прыехаў у Лепель, дзе меў прыкладна 2,5 гадзіны да аўтобуса Мінск-Полацк. Была, праўда, латэрэя з квіткамі, бо квіткі на гэты аўтобус прадавалі толькі за палову гадзіны да яго прыбыцця ў Лепель - але тут я быў супакойны, бо і ў інтэрнеце бачыў, што на гэты аўтобус нават з Мінска яшчэ хапала непрададзеных квіткоў, ды і было лагічна, што ў вечар нядзелі людзі (студэнты, у першую чаргу) будуць хутчэй з Полацка ў Мінск ехаць, а не наадварот. Ды да таго ж, транспартная сувязь паміж сталіцай і агламерацыяй Полацка-Наваполацка ўсё роўна даўно захоплена маршруткамі. То бок, вырашыў проста вярнуцца на аўтобусны вакзал крыху раней, за паўгадзіны да аўтобуса - проста на ўсялякі выпадак, каб не стаяць потым гадзіну дарогі (як выявілася пазней, і гэтага не патрабавалася)



Лепель - гэта райцэнтр у Віцебскай вобласці, насельніцтвам прыблізна 17,8 тысяч жыхароў. Ад абласнога цэнтра ляжыць у 115 кіламетрах на паўднёвы захад. Ускраінамі горада праходзіць траса М3 Мінск-Віцебск з адгалінаваннем - трасай Р46, што звязвае Мінск з Полацкам. Таксама ёсць чыгуначная станцыя Лепель на тупіковай чыгунцы Орша-Лепель. Упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 1493 годзе як вёска і маёнтак на беразе возера. Першапачаткова паселішча стаяла трошкі ў іншым месцы - на заходнім беразе Лепельскага возера, там цяпер ёсць вёска Стары Лепель. У 1586 годзе (а Лепель тады ўжо меў статус горада) Львом Сапегам было заснавана новае паселішча - Белы Лепель (ці Новы Лепель), гэтае паселішча і з'яўляецца зараз сучасным горадам.

01. Мінімалістычны інтэр'ер вакзала. Звонку ж пашарпаны будынак аўтастанцыі чамусьці не сфатаграфаваў


02. Побач з аўтавакзалам - па беларускай традыцыі больш дагледжаны будынак чыгуначнага вакзала


03. На рэйках стаіць нейкі чыгуначны шушпанцэр. Можа падацца, што за рэйкамі горад ужо і скончыўся, але на самой справе за гэтым полем яшчэ некалькі кварталаў прыватнага сектара - а потым ужо так, Р15 з М3 і ўскраіна гарадка


04. Усярэдзіне будынка ціха і пуста


05. Як водзіцца на Беларусі, на пабітым і неакуратным аўтавакзале хапае жыцця і рэйсаў, на акуратным і дагледжаным чыгуначным жа вакзале - толькі два прыгарадныя цягнікі туды-сюды на дзень


06. На прывакзальнай плошчы варта вылучыць хіба што воданапорную вежу


07. Вакзалы ў Лепелі знаходзяцца на адлегласці ад цэнтра горада, таму некаторый час трэба ісці нецікавымі раёнамі


08. Звычайныя вуліцы звычайнага беларускага райцэнтра


09. Драўляны домік


10. Плошча перад агра-тэхнічным каледжам


У Смалянах я разрадзіў батарэю фотакамеры, таму далей будуць чаргавацца фотачкі з фоціка і кітаефона, а потым ужо ўвогуле пачнецца люты ХДР кітаефона - паглядзеўшы потым фотачкі з гэтай вандроўкі, я паабяцаў сабе ўвогуле забыць пра існаванне функцыі ХДРа на сваім кітаефоне

11. Выйшаў да рэчкі Улы - прытока Дзвіны, што выцякае з Лепельскага возера. Справа з-за дрэваў выглядвае Лепельская ГЭС. Можна падыйсці бліжэй і нават перайсці раку мосцікам ніжэй за ГЭС (потым можна вярнуцца ў горад мастом, што знаходзіцца ўжо непасрэдна ў месцы вытока Улы з Лепельскага возера), але мне на гэта не хапіла б часу


12. Від у бок вытока Улы, водная паласа за паваротам і дрэвамі - гэта ўжо Лепельскае возера


13. Цэнтр Лепеля даволі якасна "дажынкізаваны", і тут ёсць некаторая невялікая колькасць гістарычных будынкаў. Справа на гэтым фота, дарэчы, старыя гандлёвыя рады канца 19-пачатку 20 стст.


14.


15. Але галоўная архітэктурная цікавостка горада - невялічкі, але прыгожы каталіцкі касцёл св.Казіміра 1857-76 гг.


16.


17.


18. Касцёл знаходзіцца зусім побач з возерам, на беразе якога раскінуты невялічкі гарадскі парк. На ўваходзе ў парк - помнік заснавальніку Новага Лепеля Льву Сапегу


19. Тут жа можна сустрэць выставу са старымі фотаздымкамі горада


20.


21. Выхожу паркам да возера


22. Невялічкая эстрада


23. Альтанка на беразе возера. Калі не памыляюся, ледзь бачныя дамы за возерам у правай частцы фотаздымка - гэта і ёсць тая самая вёска Стары Лепель


Лепельскае возера - буйнейшае возера Лепельскага раёна, плошчай 10,18 кв.км, даволі глыбокае - сярэдняя глыбіня - 7,3 м, максімальная - 33,7 м

24. З захаду ўжо актыўна збіраліся хмары, а паўночны бераг возера, як бачна, актыўна залівае


25. Як і ў выпадку з Браславам і Себежам, наяўнасць вялікага "гарадскога возера" надае гораду своеасаблівага каларыту. Праўда, у адрозненне ад двух папярэдніх гарадоў, у Лепелі панарамных кропак з відамі на возера з вышыні няма, нажаль


26. Русалцы нехта замазаў чорнай фарбай самі бачыце што


27. А побач з русалкай стаіць мясцовая "візітоўка" - Лепельскі цмок. Цмокамі мясцовы край "засяліў" Уладзімір Караткевіч, у яго рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" у дзеянне ўключана апісанне нібыта спайманага ў Лепельскім возеры страшыдла. Зараз же нашчадкі пераўтварылі істоту ў мясцовы турыстычны брэнд, заадно і пасадзіўшы яе постаць прама на беразе. Дарэчы, кожны год тут праходзіць этнафэст "У госці да Лепельскага цмока"


28. Сцэна. Напэўна, тут фэст і праходзіць


29. З відам на возера. Нагадала Рэчыцу з яе амфітэатрам, "спіна" якога таксама выходзіць прама да магутнага Дняпра


30. Далей прайшоў такі яшчэ адзін (першы быў у Смалянах, нагадаю) невялічкі дождж. Нейкімі дварамі-заборамі выбраўся з парка на бакавую вуліцу, каб зрабіць круг гістарычным цэнтрам Лепеля. Рэшткі бруку


31. Сучасны храм нейкіх пратэстантаў стаіць таксама прама на беразе возера


32. А гэтая царква ўжо, як бачна, старажытная. Гэта царква св.Параскевы Пятніцы 1841-44 г.п. Зараз перабывае ў стане рамонта, з іншага боку зваленыя будаўнічыя матэрыялы


33. І яшчэ адзін праваслаўны храм, пабудаваны ўжо ў 1990я гг.


34.


35. Савецкі будынак універмага насупраць


36. І хутка выйшаў на шырокую цэнтральную плошчу горада. Тут гістарычная забудова мяжуе з сучаснай. Белы будынак удалечыні - райвыканкам


37. А гэта - раённы Дом культуры


38. Вясёлачка пасля дажджа


39. Гэтая вуліца вядзе да возера (вунь яно трошкі бачна паміж дрэвамі нават), а з наступнага скрыжавання я рабіў кадр нумар 13


40.


41. Усё, трэба рушыць на вакзал


Там я без праблемаў набыў квіток да Полацка, перакусіў нейкай гадасцю кшалту чыпсаў (бо вечар нядзелі, нармалёва нідзе не пакушаць), дачакаўся аўтобуса. Калі ехаў аўтобусам, было ўжо цемна, таму абыйшоўся без краявідаў Беларускага Паазер'я (а прама да трасы Р46 бліжэй да Полацка выходзіць некалькі азёраў Ушацкай групы). У Полацку быў ужо каля 9 гадзін вечара - маршруткі і аўтобусы ходзяць рэдка, і мне прыйшлося даволі доўга пачакаць на прыпынку маршруткі да хостэла (і замёрз тады - увечары зусім холадна ж было). У хостэле хуценька лёг спаць - так і скончыўся першы дзень вандроўкі Віцебшчыны, але самае цікавае за гэтыя чатыры дні толькі наперадзе :)

Дзякуй за ўвагу!
Tags: 2018, Беларусь, Витебская область, Лепель, Лепельский район, Лепельское озеро, Поозерье
Subscribe

Posts from This Journal “Витебская область” Tag

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 31 comments