Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Вераснёвая Віцебшчына - ч.3. Глыбокае

Папярэднія часткі:
Вераснёвая Віцебшчына - ч.1. Смаляны
Вераснёвая Віцебшчына - ч.2. Лепель

Наступным днём абяцалі пагодны міні-апакаліпсіс у выглядзе буры і моцнага дажджа, з штармавым папярэджаннем і нейкім там каляровым узроўнем небяспекі. Таму я першапачаткова вырашыў не губляць гэты дзень сідзеннем у Полацку, але і не ехаць у якую-небудзь вельмі цікавую кропку, дзе мне б потым прыйшлося шкадаваць, што я многа чаго цікавага не пабачыў. Менавіта таму на другі дзень вандроўкі (быў гэта панядзелак, дарэчы) я запісаў Расоны - маленькі райцэнтрык на поўнач ад Полацка, да якога ехаць нядоўга, а ўсё цікавосткі там у выпадку чаго прабягаюцца за гадзіну-паўтары. Але, як вы бачыце з загалоўка, на самой справе нешта пайшло не так :)

Карацей, прыйшоў я ў 9 гадзін раніцы на полацкі аўтавакзал - і даведаўся, што на ідучы праз Расоны аўтобус Наваполацк-Санкт-Пецярбург адпраўленнем з Полацка ў 9.30, якім я ў мінулым годзе катаўся ў Себеж, і які тады быў напалову пусты, квіткоў ужо няма ўвогуле. Вось так вось :) А я ж яшчэ думаў набыць квіток у нядзелю ўвечары, але надта хацеў хутчэй у хостэл патрапіць (так, хацець хацеў, але ўсё роўна на прыпынку доўга тады прастаяў - хто ж ведаў, што маршрутка зусім няхутка будзе)... Спрабаваць неяк дамовіцца з кіроўцам было б латэрэяй, ды і да таго ж у нас тут не Украіна: квіткі пры адпраўленні ўсё роўна звычайна вакзальная кантралёрка правярае. Дзень рызыкаваў быць згубленым, бо наступны аўтобус на Расоны адыходзіў ужо пасля 11 гадзін, і заставалася мне зусім нямнога часу да зваротнага аўтобуса. Выратавала мяне ўсё тая ж "Белчыгунка" - зайшоўшы на вакзал перакусіць, я пабачыў у раскладах руху прыгарадны цягнік Полацк-Паставы. У Паставах я калісьці досыць даўно быў ужо і ўсё там пабачыў, але ж яшчэ ён праязджаў і праз Глыбокае - а гэта ўжо куды больш цікава, у Глыбокае патрапіць я даўно хачу



01. Полацкі чыгуначны вакзал. Як я ўжо пісаў у мінулым годзе ў справаздачах пра сам Полацк, тут два вакзальныя будынкі - злева стары, тут ён крыху схаваўся за дрэвамі, з правага боку - больш новы. У левай пабудове зараз збольшага нейкая адміністратыўка, увесь жа пасажырскі сэрвіс (касы, зала чакання, кавярня) - у правым будынку


02. У кавярні буфетнага тыпу трошкі пазаўтракаў - і хутка быў на платформе. Тут ужо стаяў цягнік на Паставы


03. Да Глыбокага ехаць больш за дзве гадзіны, віды часам маляўнічыя (пару разоў чыгунка нават да берагоў нейкіх азёр выходзіла) - але без фота, бо карцінка ўсё роўна выглядала неяк так (гэта яшчэ ў Полацку фота зроблена)


04. Хіба што зачапіўся, як на нейкай станцыі (па-мойму, гэта было Загацце УПД. Больш якасны гуглінг такі паказаў, што гэта Фарынава) былы вакзальны будынак у царкву перабудоўваюць. Выглядае эклектычненька і трэшава, пагадзіцеся


Праз дзве гадзіны дарогі цягнік прыйшоў на вузлавую станцыю Крулеўшчызна. Звычайна адсюль цягнікі з Полацка ідуць проста на Маладзечна, але раз на дзень ураніцы ходзіць гэты самы прыгарадны цягнічок Полацк-Паставы, які ў Крулеўшчызне паварочвае на паўночны захад. Пра гэтую галіну чыгункі я ўжо трошкі пісаў у мінулым годзе падчас распавядання пра вандроўку на Браслаўшчыну. Калі карацей, то з Крулеўшчызны цягнікі ідуць на Варапаева, а Варапаева - гэта яшчэ адна вузлавая станцыя, дзе чыгунка з Крулеўшчызны падзяляецца на дзве галінкі: першая ідзе праз Паставы ў Лынтупы (а калісьці яна пасля Лынтупаў ішла далей, на Вільню), другая з Варапаева ідзе на поўнач - праз Шаркаўшчыну і Мёры на Друю (калісьці чыгунка і тут далей доўжылася - але ў выглядзе вузкакалейкі, што ад Друі ішла праз Браслаў кудысьці ў Літву). Абедзве чыгункі загружаныя дрэнна: на Друю ўвогуле толькі адзін раз на дзень ходзіць цягнік з двух-трох вагонаў з Віцебска і Мінска (яго збіраюць у Крулеўшчызне ўначы з дзвюх сустрэчных цягнікоў Мінск-Віцебск і Віцебск-Мінск). Што наконт галінкі з Крулеўшчызны на Лынтупы, то там гэтак жа сама ўначы ходзіць такой жа самы цягнік з бесперасадачнымі вагонамі цягніка Віцебск-Мінск, але днём яшчэ дадаецца адзін прыгарадны цягнік Крулеўшчызна-Лынтупы, плюс гэтак жа днём тут ёсць па аднаму цягніку Маладзечна-Глыбокае і Полацк-Паставы (у другім выпадку па пятніцах і нядзелях ходзіць яшчэ адзін цягнік увечары). А калі казаць пра пасажырскую запружанасць, то цягнік Полацк-Паставы пры мне з Полацка адыходзіў напалову запоўнены (але нагадаю, што гэта быў будны дзень), а пасля колькіх там "падполацкіх" прыпынкаў увогуле быў амаль пусты

05. Вакзал у Глыбокім. Дождж ужо ішоў, як бачыце


06. Будыначак акуратны, але ўсярэдзіне так "прыемна" несла з прыбіральні, што і не дзіва, што нешматлікія чакаючыя нават нягледзячы на надвор'е чакалі свае цягнікі знадворку


07. А вось і мясцовы расклад руху


08. Вакзальная плошча. Здавалася б, павінна быць "варотамі" горада, але тут хутчэй бачна, што з чыгункай у горадзе не вельмі


Глыбокае - райцэнтр у заходняй частцы Віцебскай вобласці, у 200 кіламетрах ад абласнога цэнтра. Насельніцтва - каля 19,0 тысяч жыхароў. Упершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1514 годзе, але ёсць археалагічныя сведчанні пра тое, што паселішча тут было яшчэ ў часы Полацкага княства - у 11-13 стагоддзях. Назва горада паходзіць ад старой назвы аднаго з двух гарадскіх азёраў - Кагальнага, у даўніну яно звалася Глыбокім. Досыць, па мерках заходняй часткі Віцебшчыны, буйны прамысловы цэнтр - у Беларусі (і за мяжой, напэўна) ён вядомы перш за ўсё дзякуючы згушчонцы мясцовага малаказавода. "Якая згушчонка лепшая: Глыбоцкая ці Рагачоўская?" - гэта даўняя тэма для халівараў у байнэце і па-за інтэрнетам (я за глыбоцкую, калі што).

Адразу кажу, што горад мне спадабаўся - і ў архітэктурным плане (даўніны там хапае) і проста сам па сабе. На фоне дэпрэсіўнай правінцыі Віцебшчыны (абяцаю сам сабе больш у гэтай серыі артыкулаў гэты абарот больш не выкарыстоўваць, бо ён і мне самаму надакучыў ужо) Глыбокае як мінімум знешне выглядае досыць цывілізавана (але ж, я тое самае калісьці і пра Паставы, якія не так ужо і далёка адсюль, напісаў). Горад досыць добра (хоць і не без агратрэшу дзе-нідзе, але ж куды без гэтага) "дажынкізаваны" - відавочна, да Дня беларускага пісьменства, які святкавалі тут у 2012 годзе.

Пайду па цікавостках, пакуль надвор'е канчаткова не звар'яцела. Дарэчы, паколькі дождж у той дзень не прыпыняўся, а хіба што станавіўся то слабейшы, то мацнейшы, я вырашыў берагчы фоцік і Глыбокае фатаграфаваў толькі на кітаефон - яго не так шкада, ды і нейкі ён больш устойлівы супраць вільгаці

09. Былы бровар сядзібы Вітгенштэйнаў. Вітгенштэйны некаторы час былі валадарамі тагачаснага мястэчка


10. Маскоўская - адна з галоўных вуліц горада. Цікава, што (як і Маскоўская вуліца ў Мінску) "глядзіць" яна на поўдзень і паўднёвы захад - зусім не ў бок Масквы


11. Старых будынкаў у Глыбокім хапае, хоць яны раскіданыя па цэнтры горада і цэлага паўнавартаснага ансамблю не складаюць


12. Нечакана салідны для такога невялікага райцэнтра будынак выканкама


13. Трошкі аграрэнесансавага кітчу на галоўнай плошчы горада


14. На заднім плане - тое самае Кагальнае возера, што ў старыню звалася Глыбокім


15.


16. Здалёк будынак паказаўся цікавым, але зблізу - эўрарэмонтны трэш. Дарэчы, пасля візіту ў Глыбокае Гугл дагэтуль дастае мяне, рэкламуючы гэты гатэль у кантэкстнай рэкламе


17. Трошкі трэшумілаты каля Дома рамёстваў


18. Ну, файны цмок жа, згадзіцеся :)


19.


20. Дзядзя-грыбочак кагосьці нагадвае ідзе да мяне на аватарку ў кампаніі з лепельскім цмокам :)


21. Іду далей


22. Набліжаюся да самага смачнага


23. На плошчы 17 верасня адзін насупраць другога стаяць два галоўныя гарадскія храмы: каталіцкі і праваслаўны. Ля каталіцкага касцёла можна пабачыць "Алею славутых землякоў", прысвечаную славутасцям, якія паходзяць адсюль. А ліст іх тут досыць багаты: і славуты мастак Язэп Драздовіч, і авіяканструктар Пётр Сухі, і "бацька беларускага тэатра" Ігнат Буйніцкі (на фотазагалоўку)


24. Дзяржаўны дзеяч ВКЛ Іосіф Корсак


25. Магутны Траецкі касцёл. Першапачаткова пабудаваны ў 1764-82 гг., але амаль цалкам перароблены ў пачатку 20 стагоддзя - ад першапачатковага будынка застаўся толькі фасад


26.


27.


28. Не такі ўжо і часты выпадак, калі ў мяне атрымоўваецца зазірнуць усярэдзіну храма


29. Хто там мінулым разам здзіўляўся ў каментарыях, што галоўнымі цікавосткамі мястэчак у мяне заўсёды аказваюцца касцёлы? Дык вось, галоўная архітэктурная цікавостка Глыбокага зараз належыць праваслаўнай царкве - але ж першапачаткова яна таксама была каталіцкім касцёлам, праваслаўныя яго ўжо пазней прыбралі. Гэта сабор Раства Багародзіцы, былы каталіцкі касцёл Прачыстай Багародзіцы, частка комплексу былога кляштара кармелітаў. Касцёл пабудаваны 1639-54 гг., пазней неаднаразова перабудоўваўся


30. Побач з царквой, дарэчы, гарадская міліцыя


31.


32. Храмавая тэрыторыя


33. Магутны


34.


35. І тут усярэдзіну патрапіў


36. Ладна, час цягніка на Полацк набліжаецца, ды й бура узмацнялася (я нават у дажджавіку добранька змок у той дзень, бо з такім ветрам кітайскі "эўрашопаўскі" дажджавік мала дапамогі даваў), таму пайду да вакзала


37.


38. Самалётцік


39. Кагальнае возера. Недзе за касцёлам ёсць і больш буйное возера - Вялікае, але я да яго не дайшоў


40. Пушкін


41. Напэўна, Колас, але чамусьці і Чаргінца нагадвае :)


42. Помнік "Дзед-глыбачанін". Прататыпам з'яўляецца мясцовы гісторых і краязнаўца Аляксандар Сабалеўскі


43. Які-небудзь з абодвух храмаў адкуль-небудзь часцяком бачны


44. Выстава карчоў, для Віці victogan :)


45.


46. Хутка, транзітам праз краму, быў на вакзале


47. А адтуль, замёрзнуўшы ў халодным вагоне цягніка - на Полацк


У Полацку як мага хутчэй паехаў у хостэл - грэцца і спаць. На шчасце, прагноз надвор'я на бліжэйшыя дні катаклізмаў ужо не абяцаў. І, забягаючы наперад, наступны дзень быў сонечны, хоць і не казаць што цёплы. А чакаў мяне наперадзе візіт у самы маленькі горад Беларусі, куды патрапіць я хацеў ужо даўно. То бок, працяг будзе...
Tags: 2018, Беларусь, Витебская область, Глубокое, Поозерье
Subscribe

Posts from This Journal “Витебская область” Tag

promo elgatomarinero7 august 15, 11:30 4
Buy for 10 tokens
Гэтым разам я распавяду вам пра сапраўды спякотную і летнюю (хоць каляндарна яна і адбылася 23 траўня - але травень у гэтым годзе атрымаўся, напэўна, больш летні за які-небудзь ліпень) вандроўку паўночна-заходнімі раёнамі. Стартаваў на станцыі Гаўя ў ваколіцах Іўя, праехаў на поўдзень у бок…
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 22 comments