Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Вераснёвая Віцебшчына - ч.4. Дзісна

Папярэднія часткі:
Вераснёвая Віцебшчына - ч.1. Смаляны
Вераснёвая Віцебшчына - ч.2. Лепель
Вераснёвая Віцебшчына - ч.3. Глыбокае

На шчасце, наступным днём сюрпрызы з надвор'ем прыпыніліся ( забягаючы наперад, толькі на паўтары дні), таму гэты артыкул будзе больш сонечны і вясёлы (хоць цёпла і не было - мне падаецца, атрымаўшыяся фотаздымкі гэта добра перадаюць). А паставіў я на гэты дзень, напэўна, галоўную цікавостку ўсёй паазерскай паездкі - Дзісну. Гэтае мястэчка мае неафіцыйны статус самага маленькага горада Беларусі - з дадзеным фактам, канешне, паспрачаюцца ў Косаве, але афіцыйная статыстыка кажа, што ў старадаўнім гістарычным цэнтры сучаснай Івацэвіччыны жыве на некалькі соцен чалавек больш, чым у Дзісне.

Дзісна - горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім (ці Міёрскім - як каму падабаецца, я аддаю перавагу першаму варыянту, як гістарычна правільнаму) раёне Віцебскай вобласці, на месцы ўпадзення ракі Дзісны ў Заходнюю Дзвіну. Сучаснае насельніцтва горада - каля 1,5 тысячы чалавек, але так было не заўсёды; у 20я гады мінулага стагоддзя насельніцтва Дзісны нібыта дацягвала да 11 тысяч чалавек, але ў справу ўмяшаліся два фактары: Другая сусветная вайна і ўжо пасляваеннае ўключэнне былога Дзісненскага раёна ў склад Мёрскага - пры тым, што традыцыйна менавіта Дзісна была цэнтрам мясцовасці, Мёры ж на момант узбуйнення раёна былі меншыя за Дзісну па колькасці насельніцтва і нават не з'яўляліся горадам. Нажаль, прычыну абрання цэнтрам новаўтворанага раёна менавіта Мёраў у мяне нагугліць не атрымалася, магу толькі зрабіць згадку, што вінаватая ў гэтым чыгунка, якая ў Мёрах ёсць, а ў Дзісне адсутнічае. Так ці не так, але ў гэты момант на развіцці горада быў фактычна пастаўлены крыж, і паступова ён саступіў цэнтру раёна і памерамі, і колькасцю насельніцтва, і ўзроўнем развіцця прамысловасці (хоць і не казаць што Мёры такі ўжо багаты райцэнтр - яны ў мінулым годзе навата адабралі ў Шаркаўшчыны "ганаровы" тытул самага беднага райцэнтра краіны па сярэдніх памерах заробкаў). Цікава, што якраз перад вандроўкай давялося прачытаць, што наіўныя мясцовыя жыхары нават збіралі подпісы за далучэнне Дзісны да Полацкага раёна: маўляў, "мы заўсёды былі Полацкай зямлёй, Полацк нас не пакіне".

Нягледзячы на сучасны стан (хаця пра што я, дзякуючы яму ж), Дзісна захавала каларыт старога мілага небагатага маленькага мястэчка, запоўненага цікавосткамі (банальнымі і небанальнымі), якія робяць гарадок вартым абавязковага наведвання

IMG_4041.JPG



01. Паколькі чыгункі ў Дзісне, як я ўжо казаў, няма, то адзінай магчымасцю патрапіць у горад з'яўляецца аўтатранспарт. Сюды бегаюць аўтобусы з Полацка, Наваполацка, Віцебска, Мёраў - праўда, нячаста. Я прыехаў зручным па часе аўтобусам Полацк-Дзісна, які адыходзіць з аўтавакзала найстаражытнейшага горада Беларусі штодзённа ў 8.45 раніцы і едзе да канцавога прыпынка прыкладна гадзіну. Ролю аўтавакзала ў Дзісне выконвае такі вось невялічкі будыначак аўтакасы (усярэдзіне - каса, інфармацыйная дошка з раскладамі руху і некалькі радкоў сідушак для чакаючых)
IMG_3731.JPG

Адразу накіраваўся ў будыначак аўтакасы, каб паглядзець-такі дакладны расклад руху аўтобусаў адсюль - Ticketbus.by з такімі маленькімі аўтастанцыямі не працуе, а Яндэкс.Расклады прапанавалі мне (і дагэтуль прапануюць, калі што) адыходзячы ў 14.40 аўтобус Дзісна-Наваполацк, які нібыта ішоў паміж гарадамі нейкія фантастычныя чатыры гадзіны. На месцы выявілася, што гэта аўтары з Яндэкса чагосьці не таго палілі, зваротны аўтобус ідзе тую ж самую гадзіну: то бок, можна не хвалявацца і ісці ў горад - ён маленькі, пяці гадзін мне абавязкова хапіла б, каб убачыць усё, што хацеў

02. Цікавосткі пачынаюцца адразу ад аўтастанцыі - былы будынак Павятовага аддзялення апякунства цвярозасці. На першым паверсе гэтага будынка ў 1911 годзе выступала першая беларуская прафесійная тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Будынак нядаўна перажыў рамонт (прыгадаць б яшчэ, што там зараз усярэдзіне знаходзіцца, вось шэры будынак злева - гэта нейкі інтэрнат-лякарня), падчас якога "на галаву" яму непрыгожа пасадзілі сучасны металічны дах
IMG_3732.JPG

03. Крыху далей ёсць яшчэ адзін цікавы стары будынак, але пра яго гісторыю і прызначэнне даведацца мне нажаль не атрымалася
IMG_3743.JPG

04. Забягаючы наперад, архітэктурнай даўніны ў Дзісне хапае, але выглядае яна часцяком неяк так, ці нават горш
IMG_3751.JPG

05. Гэта ў нас былы будынак вучылішча (кан.19-пач.20 стст.)
IMG_3752.JPG

06. Архітэктурная дамінанта цэнтра мястэчка - Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з комплекса былога кляштара францысканцаў. Касцёл пабудаваны ў 1773 годзе, хаця кляштар існаваў яшчэ ад часоў караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя
IMG_3759.JPG

07. Як бачыце, касцёл зараз пад рэканструкцыяй, але пішуць, што рэканструкцыя гэтая трывае ўжо не менш за дзесятак год
IMG_3768.JPG

08. А побач цячэ магутная Дзвіна
IMG_3770.JPG

09. Брук
IMG_3764.JPG

10. "Калюмны", напэўна, хутка па папулярнасці "Пагоню" дагоняць :)
IMG_3772.JPG

11. У Дзісне я не буду вылучаць галоўную цікавостку горада, але ў прэтэндэнтах на гэты статус дакладна былі б гэтыя руіны бальніцы (пач.20 ст.), што стаяць прама над Дзвіной на захад ад цэнтра мястэчка
IMG_3775.JPG

12.
IMG_3798.JPG

13. Канешне ж, можна патрапіць усярэдзіну
IMG_3794.JPG

14. Але там усё сумна
IMG_3781.JPG

15.
IMG_3787.JPG

16. Дзвіны сёння будзе многа
IMG_3789.JPG

17. Гарадская навігацыя для турыстаў
IMG_3818.JPG

18. Адна з галоўных фішак Дзісны - наяўнасць тут дзеючага парома (маста праз Дзвіну ў Дзісне няма, а бліжэйшыя знаходзяцца ў Верхнядзвінску і Наваполацку)
IMG_3800.JPG

19. Канструкцыі на беразе
IMG_3807.JPG

20. Паром сцеражэ кароўка
IMG_3822.JPG

21. Расклад руху
IMG_3825.JPG

22. Механізм (у якасці рухавіка выкарыстоўваецца разабраны стары трактар, на правыя колы якога наматваецца перакінуты праз раку трос) і службовая будка
IMG_3828.JPG

23. Збоку стаяць дзве будкі для пасажыраў-пешаходаў
IMG_3830.JPG

24.
IMG_3835.JPG

25. Паплылі
IMG_3833.JPG

26. Сярэдзіна ракі
IMG_3836.JPG

27. Левы бераг Дзвіны з руінамі бальніцы і будынкам касцёла
IMG_3843.JPG

28. Прыплылі, выходзім
IMG_3848.JPG

29. Некаторыя дзісненцы, наколькі я ведаю, штодня катаюцца гэтым паромам на працу ў аграгарадок Луначарскае, што знаходзіцца на іншым беразе ракі
IMG_3849.JPG

30. А на тым беразе - ужо іншы раён, Верхнядзвінскі
IMG_3851.JPG

31. Магчыма, калісьці сюды пад'язджалі верхнядзвінскія прыгарадныя аўтобусы і падвозілі людзей да парома - але зараз бачна, што прыпынак не жывы
IMG_3853.JPG

32. Від на Дзісну з правага берага Дзвіны
IMG_3854.JPG

33. Час вяртацца
IMG_3867.JPG

34. Паром на тым беразе
IMG_3869.JPG

35. Падплывае
IMG_3875.JPG

36. Паром і ровары
IMG_3883.JPG

37. Бераг блізка
IMG_3887.JPG

Пераправу ў адваротным напрамку я нават адфільмаваў


38. А далей выглянула сонейка. Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя» (1904) на праваслаўных могілках
IMG_3889.JPG

39.
IMG_3893.JPG

40.
IMG_3895.JPG

41.
IMG_3906.JPG

42. Габрэйская бальніца (кан.19 ст.)
IMG_3918.JPG

43. Іду ўскраінай горада
IMG_3923.JPG

44. Рэтра-дэкор
IMG_3924.JPG

45. Тут ужо канец горада
IMG_3926.JPG

46. На заходняй ускраіне горада знаходзіцца комплекс былой сядзібы Кастравіцкіх "Дарашковічы" (ці "Дарошкавічы" - куды там націск трапляе?). Удалечыні бачныя руіны стайні
IMG_3931.JPG

47. Уваход
IMG_3933.JPG

48. Аб'ект жыве і не развальваецца - зараз тут аграсядзіба, але гаспадару трошкі густу не хапае, бо на невялічкай тэрыторыі ўвапхнута тут усяго патроху. Вось буслікі - якраз нічога крымінальнага, файненька
IMG_3937.JPG

49. А збоку - і статуя "пад Старажытную Грэцыю", і гармата
IMG_3941.JPG

50.
IMG_3942.JPG

51. Трахтур схаваўся, гэта для Віці victogan
IMG_3944.JPG

52. Цмок Змей Гарыныч (недароблены) і хатка Бабы Ягі
IMG_3949.JPG

Ладна, бывае і горш. Затое там жывы заяц лётаў, але сфатаграфаваць яго я не паспеў

53. Яшчэ адна файная (іншых і не бывае) брукаванка
IMG_3955.JPG

54. Часу хапала нават палазіць глухімі сцежкамі, якімі мо і мясцовыя амаль не ходзяць - потым хіба што прабірацца праз нечы двор прыйшлося. На фота - рэшткі будынка бойні (кан.19-пач.20 стст.)
IMG_3975.JPG

55. Дзвіна
IMG_3960.JPG

56.
IMG_3968.JPG

57. Каталіцкая капліца на могілках (пабудаваная ў 90я гады мінулага стагоддзя)
IMG_3990.JPG

58. Вяртаюся ў цэнтр горада
IMG_4003.JPG

59. Пажарнае дэпо і дагэтуль выконвае свае функцыі (нават можна чырвоненькія "твары" машын за шклом пабачыць, калі прыглядзецца)
IMG_4012.JPG

60.
IMG_4014.JPG

61. Сінагога (кан.19 ст.)
IMG_4020.JPG

62. Ёсць у Дзісне яшчэ адна вельмі крутая і, як модна казаць (хоць я і не надта люблю гэты выраз), "небанальная" цікавостка - гэта мост праз раку, якая і дала імя гораду. Яму больш за 100 гадоў, па некаторых звестках гэта нібыта самы стары дзеючы мост Беларусі
IMG_4041.JPG

63. Аснова маста металічная, але праезная частка - з дрэва, якое калісьці закаталі асфальтам, але ён усё роўна пааблазіў
IMG_4029.JPG

64. Дзісна цячэ ўнізе
IMG_4033.JPG

Дзісна - рака ў Літве і Беларусі, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня - 178 кіламетраў, выцякае з возера Дзіснай у Літве. Тапонім верагодна мае балцкае паходжанне - магчыма, мае сувязь і з назвай ракі Дзясна

65. Від на мост з берага ракі
IMG_4039.JPG

66. Від на Дзісну з маста ў бок вусця, да якога адсюль сотня-другая метраў - Дзвіна вунь перад тым ляском, што на гарызонце бачны, цячэ
IMG_4051.JPG

Як вы можаце зразумець, скончыць сваю прагулянку горадам я б не змог без наведвання месца сутокі Дзвіны і Дзісны

67. Вуліца Юбілейная - напэўна, самая "гістарычная" (калі судзіць па памерах старой забудовы) вуліца горада
IMG_4054.JPG

68.
IMG_4064.JPG

69. Былы будынак гасцініцы "Рыга" (кан.19-пач.20 гг.)
IMG_4068.JPG

70. Цікава, што планіроўка вуліц цэнтра горада дагэтуль у асноўным адпавядае схемам 16-18 стагоддзяў. Вось гэтая плошча і была ядром гарадка - тут сыходзіліся вуліцы Замкавая (зараз - Юбілейная) і Уваскрасенская (Кірава), якія ўтваралі цэнтральную плошчу з ратушай і гандлёвымі радамі (нажаль, не захаваліся). А вуліца Леніна (у ўкраінцаў, напэўна, кроў з вачэй павінна пайсці ад такога разгулу "саўковай" тапаномікі - але што маем, то маем), што вядзе ад маста праз Дзісну да пажарнага дэпо, нібыта супадае з земляным абарончым валам 16 стагоддзя)
IMG_4073.JPG

71. Побач знаходзіцца галоўны праваслаўны храм горада - Уваскрасенская царква (1864-70 гг.)
IMG_4075.JPG

72.
IMG_4078.JPG

73. І зноў Дзвіна
IMG_4084.JPG

74. Замкавы востраў, альбо востраў Стэфана Баторыя. Тут у 16-18 стагоддзях знаходзіліся два моцныя драўляныя замкі - Верхні і Ніжні. Яны былі разбураныя ў 18 стагоддзі, да нашых часоў захаваліся хіба што толькі рэшткі абарончых валаў Ніжняга замка. Дарэчы, высокія дамы за востравам - гэта ўжо тая самая вёска Луначарскае Верхнядзвінскага раёна, што знаходзіцца на іншым беразе ракі
IMG_4090.JPG

75. Невялічкая сцежка, але на мапах горада гэтае месца гучна завецца "Гарадскім паркам", хаця на самой справе гэта хутчэй такі сабе невялікі скверык з даўно занядбаным футбольным стадыёнчыкам
IMG_4095.JPG

76. Зараз на востраў, нажаль, з зямлі так проста не патрапіць, але згодна з планамі развіцця горада плануецца пабудова ў дзве-тысячы-двадцать-нейкім-там годзе пешаходнага маста з Дзісны на востраў і з вострава да Луначарскага. Нават не бяруся судзіць, наколькі гэта рэалістычныя планы
IMG_4098.JPG

77. У гэты час рэчка трошкі падмялеўшая
IMG_4108.JPG

78. А вось і вусце Дзісны. Цікава, што першапачаткова паселішча (тады яно звалася "Капец" - ад слова "капаць"), як лічыцца, было на тым, правым беразе рэчкі. Дзісна/Капец упершыню ўзгадваецца ў летапісу за 1563 годзе, але крывічы-палачане жылі на гэтым стратэгічным і зручным месцы з 11 стагоддзя. Рост паселішча і будаўніцтва замкаў звязаныя з паразамі войска Вялікага княства Літоўскага ў першыя гады Лівонскай вайны, калі быў страчаны Полацк, і ў якасці кампенсацыі каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыям быў дан загад на хуткае будаўніцтва новай моцнай фартэцыі ў гэтым рэгіёне
IMG_4111.JPG

79.
IMG_4114.JPG

80. Ну, вось і ўсё, што я хацеў пабачыць у Дзісне, можна паціху ісці ў бок аўтастанцыі
IMG_4121.JPG

81.
IMG_4123.JPG

82.
IMG_4133.JPG

Вось такі вось ён, найменшы горад Беларусі. Калі хто адкажа, што ён больш нагадвае вялікую вёску, чым гарадок, то я з ім згаджуся. Праўда, трэба адзначыць, што за Дзісной знаходзіцца яшчэ адна частка горада, дзе такі знаходзіцца невялічкі мікрараён савецкай панэльнай забудовы, а таксама гарадскі ДК і лясгас - напэўна, галоўнае прамысловае прадпрыемства Дзісны, але ў мае планы туды ісці не ўваходзіла.

Трошкі перакусіўшы, я дачакаўся свайго аўтобуса і прыкладна праз гадзіну вярнуўся ў лагістычны цэнтр сваёй вандроўкі - агламерацыю Полацка-Наваполацка. Далей мяне чакаў апошні дзень паездкі, дзе ўсё зноў склалася зусім не так, як я планаваў - але пра гэта ўжо ў апошнім артыкуле пра верасеньскую паазерскую вандроўку
Tags: 2018, Беларусь, Витебская область, Двина, Дисна, Миорский район, Поозерье
Subscribe

Posts from This Journal “Двина” Tag

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 26 comments