Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Ад Гарыні да Прыпяці, v.3.0: Бухлічы-Пінск

Вясновыя вандроўкі на "Крайні Поўдзень" Беларусі, у Століншчыну, становяцца добрай традыцыяй - катаюся туды я ўжо трэці год запар, і кожны раз тамтэйшыя мясціны прыносяць мне задавальненне. У 2017 годзе я не надта далёка ад'язджаў ад чыгункі, пабываўшы ўпершыню ў самім Століне, а таксама першы раз у жыцці праехаўшыся паромам. У 2018 годзе на майскія выходныя я сустрэў тут сапраўдную летнюю спякоту - тэмпература ў той дзень ледзь-ледзь не дацягнула да 30 градусаў, а скончылася ўсё вечаровай навальніцай, трошкі сапсаваўшай фінішную частку маршрута - затое перад гэтым даехаў я да Рубеля (адной з найбольшых і самых, на мой погляд, цікавых вёсак краіны) і старажытнага невялікага Давыд-Гарадка

Гэтым разам свой маршрут я вырашыў пракласці ў заходнім напрамку ад чыгункі. Мне належала стартаваць у Бухлічах (досыць вялікай вёсцы, што знаходзіцца практычна на ўкраінскай мяжы), праехаць адтуль да Століна - а ўжо за райцэнтрам павярнуць на паўночны захад і мясцовымі дарогамі, убок ад прамой і нічым не цікавай шашы Р6, даехаць да Пінска. Першапачатковы трэк складаў каля 95 кіламетраў, фактычна праехаў я ж крыху больш за "сотку"





Мапа паездкі:



Выязжаў з Баранавічаў цягніком Баранавічы-Бухлічы на 4.43 раніцы, у Бухлічах быў ужо пасля 8 гадзін раніцы. Гэта апошні прыпынак Беларускай чыгункі ў гэтым напрамку. Цікава, што прыпыняюцца тут толькі беларускія цягнікі, міжнародны ж прыгарадны цягнік Баранавічы-Удрыцк пасля Гарыні едзе без перапынкаў адразу на ўкраінскі Удрыцк. Трэба ведаць, што Бухлічы, як і суседнія Варані, якімі ішоў мой шлях, знаходзяцца ў памежнай зоне. Апошнія некалькі год паездкі ў памежную зону для беларусаў значна спрасціліся (не трэба ні даставаць пропуск, ні плаціць мыта за наведванне) - нават квіток туды мне гэтым разам прадалі, не паглядзеўшы ў пашпарт (хаця яшчэ два гады таму на баранавіцкім вакзале мне адмовіліся прадаваць квіток у Друю, запатрабаваўшы прапіску ў Браслаўскім раёне альбо запыт адтуль - што ўжо тады было парушэннем, і нават можна было б куды-небудзь паскардзіцца). Але ж ад кантактаў з сур'ёзнымі і дапытлівымі беларускімі памежнікамі ўсё роўна гэта пакуль не ўратоўвае. Спачатку адразу пасля станцыі Гарынь вагонамі цягніка прайшлі памежнікі, правяраючы ў кожнага пашпарт. Паколькі я, напэўна, быў у Бухлічах першым турыстам за невядома колькі год, то зразумела, што мая асоба адразу выклікала ў іх зацікаўленасць. Спачатку ім стала цікава, што я такое сабраўся глядзець у Бухлічах. Фраза пра тое, што хачу паглядзець "мясцовую стогадовую драўляную царкву" выклікала здзіўленне, але адносна задаволіла іх. Адно хіба што яны не адразу зразумелі мой дальнейшы маршрут, вырашыўшы, што за вёскай я хачу ехаць далей на поўдзень (там памежная паласа, куды без пропуску ўжо заходзіць нельга) - прыйшлося паказваць ім свой папярэдні трэк на тэлефоне. Забягаючы наперад, памежнікі прыпынялі мяне потым яшчэ два разы: спачатку пад Варанямі, там стацыянарны пункт кантролю на пачатку памежнай зоны, а потым ужо за Вікоравічамі - там запатрабавалі паказаць фотаапарат, праглядзеўшы ўсе фотаздымкі (відавочна, хтосьці з папярэдніх памежнікаў паведаміў кіраўніцтву пра падазронага незнаёмага раварыста з фотаапаратам, таму мяне і чакалі на выездзе "да цывілізацыі")

01. Ну, і тое, дзеля чаго ехаў сюды і цярпеў гэтыя сіндромвахцёрскія бюракратычныя пакуты (бо не тую мяжу пасуць, якую трэба, калі што). Бухлічы, царква Раства Багародзіцы (1928 г.) (яна ж - і на загалоўным фотаздымку). Дарэчы, цэркваў-драўлянак наперадзе сёння будзе яшчэ ажно 8 штук


02. Гарынь ужо ў некалькіх кіламетрах на поўначы ад Бухлічаў


03.


04. Украіна дзесьці там


05. Жвіровая шаша катэгорыі "бачыў і горшыя" паміж Бухлічамі і Варанямі


06. Буслы


07. Варані. Царква св.Мікалая (1912 г.)


08.


09. Паколькі Гарынь - рака многаводная і раўнінная, а даліна яе шырокая і балоцістая, то тут усюды старыцы


10. Струга. Царква Міхаіла Арханёла (пач.20 ст.)


11. Тут быў Вася была Гарынь


12. А тут яна цячэ зараз. Фотаздымак зроблены з маста на дарозе паміж Вікоравічамі і Столінам, калі я ўжо нарэшце вырваўся ад пільнага зрока памежных войск Рэспублікі Беларусь


13. Паколькі Столін за мінулыя два разы вывучыў ужо больш-менш дасканала, то гэтым разам проста праехаў горадам на поўнач, зрабіўшы хіба што традыцыйны фотаздымак адной з вуліц з брукаванкай-"трылінкай"


14. Трошачкі асфальту, якім я ўжо два гады таму ездзіў у бок Відзібора і Дубая. Але гэтым разам я на Дубай не паехаў, бо і там быў ужо два разы


15. Паварот налева - і асфальт знікае ажно да Пінскага раёна, ненадоўга з'яўляючыся толькі ў нешматлікіх вёсках


16. Пераадолеў тую самую чыгунку, якой ехаў у гэтыя мясціны ўраніцы


17. Меліяратыўны канал. Калісьці, да глабальнай меліярацыі, тут усюды былі балоты. Мясцовасць і дагэтуль заселеная "астраўным" прынцыпам - вёскі сустракаюцца нячаста, але ўсі яны даволі вялікіх памераў (у параўнанні з нашай цэнтральнабеларускай сеткай звычайна невялікіх, але досыць частых вёсачак)


18. Цмень. Успенская царква (кан.18-пач.19 ст.) на вясковых могілках


19.


20. Рухча. Царква св.Мікалая (1737 г.)


21.


Тут кіламетраж неяк неўпрыкмет пераскочыў за 40 кіламетраў, таму - час першага перакусу на аўтобусным прыпынку (без раскладу руху - відавочна, прыгараднае транспартнае спалучэнне тут памерла, хоць вёска і даволі вялікая нават па мерках мясцовага "вялікавёсся")

22. Вясновыя вестуны


23. За Рухчай дарога трошкі прайшла заказнікам "Тырвовічы", з вельмі "супакойваючай" самотнага падарожнага шыльдай з выявай дзікага кабана на ўездзе :)


24. Лес там прыгожы


25. Яшчэ адна прыемная нечаканасць патрапілася ў Сіціцку - кавалачак брукаванкі "ўкраінскага" ўзору. Чаму менавіта "ўкраінскага" - па той бок мяжы ў сельскай мясцовасці менавіта такога бруку зашмат, і здабываўся матэырял для яго дзесьці на Ровеншчыне. У параўнанні з больш якаснай "трылінкай" ці брукаванкамі Наваградчыны, яна ўяўляе сабой проста высыпаны на дарогу і трошкі выраўнаваны камень (практычна без аніякай апрацоўкі), таму для язды роварам такое пакрыццё падыходзіць крыху больш чым ніяк. Бачыў турыстычныя справаздачы ад беларусаў, катаўшыхся Прыпяцкім Палессем на ўкраінскай тэрыторыі - яны (справаздачы) былі поўныя мукаў і пакутаў менавіта ад многакіламетровых брукаванак падобнага тыпу. Тут я дзеля інтарэсу трошкі праехаў гэтай дарогай - і падзякваў, што мне не ў той бок, а ў адваротны (праўда, чамусьці думаю, што за вёскай тут такі пачнецца нармалёвая жвіроўка ажно да Плотніцы - можа, калі-небудзь гэта і праверу)


26.


За Сіціцкам памяняў Столінскі раён на Пінскі, якім ужо буду ехаць ажно да фініша

27. Рэчка Стыр. Спачатку здзівіўся яе адносна сціплым памерам, бо ведаў, што Стыр яшчэ на ўкраінскай тэрыторыі з'яўляецца адносна шырокай рэчкай - тут жа я пабачыў нешта памерамі са Шчару (і тое, Шчара куды больш маляўнічая). Але тут трэба ведаць, што яшчэ да мяжы працэнтаў 80 стоку Стыра забірае і перакідвае ў Прыпяць нядоўгая рака-канал-пратока Прастыр. Увогуле, сутока Прыпяці і яе прытокаў у гэтым рэгіёне - гэта даволі цікавая рэч, якая патрабуе асобнага вялікага падрабязнага апявадання. У дадзеным артыкуле ж мне варта хіба што казаць, што калісці галоўнае рэчышча Прыпяці ішло не праз Пінск, а менавіта тут, забіраючы воды Стыра яшчэ на сучаснай украінскай тэрыторыі. Рэшткі таго перыяду (які быў не так ужо даўно - нібыта, дзесьці да 18 стагоддзя) можна пабачыць на мапе і зараз - у выглядзе рэчкі Гнілая Прыпяць, што зараз спалучае Прыпяць і Прастыр са Стырам на беларускай тэрыторыі (але фактычна яна ўжо пераўтварылася ў ланцужок слабапраточных балотных азёраў). І - другі важны факт - фактычна з навуковай кропкі гледжання галоўнай ракой у тыя часы пасля гэтай складанай сутокі выходзіла не Прыпяць, а Ясельда


28. Ад займальнай гідраграфіі вяртаемся да драўлянай культавай архітэктуры. Вуйвічы, царква св.Іллі (1788 г.)


29. Калодзеж-"журавель" насупраць царквы


30. Мясяцічы (на шыльдзе ў пачатку вёскі напісана "Месяцічы" - але з кропкі гледжання беларускай арфаграфіі, хоць палеская тапаноміка і не зусім ёй адпавядае, так будзе больш правільна), царква св.Параскевы Пятніцы (1794 г.)


31.


32.


33.


34.


35. Да наступнай царквы-"драўлянкі" каціць ужо недалёка. Лемяшэвічы, царква Раства Багародзіцы (1893 г.)


36.


37. І ў суседняй вёсцы Балгары (тут наконт правільнай назвы вёсцы я маю сумнеў: шыльда на вёсцы называе іх "Болгарамі" - вельмі магчыма, што вінаваты тут і "палескі" націск на першым складзе) - каплічка на могілках. Усё, больш цэркваў не будзе, вы вытрымалі гэты сіняколерны царкваспам, віншую вас :)


38. За Балгарамі звярнуў з шашы ў бок Прыпяці. Яшчэ толькі пачатак красавіка - і ўжо такія летнія пяскі на дарогах... Усё таму што дажджоў няма


39. Нарэшце, Прыпяць


40.


41.


42.


43. Тут яна ўжо пасля Пінска і сутокі з Пінай, але яшчэ да сутокаў з Ясельдай і Стырам


44. Нехта дах мяняе


45. І напрыканцы - невялічкая порцыя лагоднага "кросс-каўнтры" асушанымі меліяратамі прыпяцкімі балотамі паміж вёскамі Церабень і Горнава


46. Але сцежкі праз некалькі кіламетраў змяніліся асфальтам. Трэба ўжо, пакуль суха, выбірацца паціху і на большы пазашашавы кіламетраж - а тое ўсё жвіроўкі ды асфальт...


47. Ужо на гарызонце і пінскія дахі бачныя (у тым ліку, і шпіль знакамітага касцёла францысканцаў у самым цэнтры горада - у левай частцы здымка)


48. Заскочыў толькі да Горнаўскага вадасховішча, з воставам пасярэдзіне


49. Закінутая вясковая зона адпачынку


50. Трасу Р6, нажаль, на фінішы ніяк не абмінуць, бо мост праз Прыпяць тут адзін. Калісьці тут была пратока Струмень, але пазней яна была штучна павялічаная - і зараз асноўнае рэчышча Прыпяці праходзіць менавіта тут. Дарэчы, назва "Струмень" датычна гэтай часткі ракі і дагэтуль выкарыстоўваецца ў народзе, дый на мапах мясцовасці яе часам можна сустрэць


51. Пінск усё бліжэй і бліжэй, пасярэдзіне шырачэзнай сумеснай даліны Прыпяці, Піны і Ясельды


52. Ну, і самы "паштовачны" погляд на мой самы любы беларускі турыстычны горад. Не раз бачыў, калі хто-небудзь, не вельмі добра ведаючы геаграфію, пабываўшы ў Пінску, выкладвае фотачку з гэтага маста ў Кантакціку ці Інстаграмчыку з каментарыям кшталту "Уаў, якая шырокая Прыпяць!" Але гэта, канешне ж, не Прыпяць, а Піна, якая якраз на гарызонце з Прыпяццю-Струменем і сустракаецца (гэтае месца можна нават на гэтым фотаздымку ўдалячыні і разглядзець)


53. Крышачку спазніўся на цягнік да Лунінца (праўда, я і першапачаткова не асабліва разлічваў на яго паспець); наступнага ж цягніка, якім можна рухацца ў бок дома, чакаць яшчэ 2,5 гадзіны, таму трошкі пакатаўся цэнтрам


54. Тым болей, за некалькі год там нарэшце давялі да фіналу рэканструкцыю галоўнай пешаходнай вуліцы горада


55. Старая архітэктура - не без элементаў беларускага "аграрэнесансу" (тут - у выглядзе кіслотнага колеру), канешне ж


Потым павячэраў у кавярні недалёка ад вакзала - і ўсё, дарога дадому. Паколькі праз Лунінец (то бок, хутчэй) мне ўжо сёння ніяк не праехаць, то прыйшлося ехаць з перасадкай праз Жабінку: спачатку дызелем Лунінец-Брэст на 18.45 з Пінска, у 21.50 выйшаў у Жабінцы, праз 10 хвілін перасеў на электрычку Брэст-Баранавічы - і яшчэ больш за дзве гадзіны дарогі. То бок, дадому я патрапіў ужо больш чым праз 6 гадзін.

56. Дарэчы, у гэтай вандроўцы дзеля эканоміі прыйшлося пакаваць ровар - на меншых пераездах рабіць гэта шкада часу і месца ў заплечніку. Але ж і так чахол акупаецца хутка: купляў на malpa.by за 33 рублі, зэканоміў жа дзякуючы яму за гэтую і ваўкавыска-пружанскую вандроўкі ўжо 15,34 рублёў; то бок, яшчэ пара вандровак з доўгімі пераездамі чыгункай - і ўжо выйду ў "плюс". Праўда, па шчырасці, запакаваны такім чынам (я ж і педалі лянуюся адкручваць) ровар на некалькі дзясяткаў сантыметраў перабольшвае дазволеныя 200 сантыметраў па суме трох вымярэнняў, але пакуль ані кантралёры, ані касіркі нічога не вымяралі і ўвогуле не звярталі асаблівай увагі на маю "ручную паклажу" - гэтым разам касірка ў лунінецкім цягніку хіба што пацікавілася ўжо на выхадзе, што там: лыжы ці сноўборд? :)


Ну і кароткі змест паездкі цягніком Лунінец-Брэст:
- спачатку вагоны атакавалі цыганскія дзеткі-папрашайкі; адзін пачаў кляньчыць у мяне вафельную шакаладку, але быў адпраўлены да бацькоў: маўляў, хай табе маці купляе
- потым актывізаваўся нейкі мясцовы чыгуначны вар'ят - судзячы па рэакцыі на яго спрацоўнікаў цягніка і пасажыраў, сталы кліент на гэтым напрамку. Апафеозам его дзейнасці было перадражніванне праз сувязь з машыністам аб'яваў
- ужо за Янавам-Палескім завялася нейкая бабка, пераглядзеўшая і трапіўшая пад ураджанне нядаўняга шклоўскага перадвыбарчага шоў. Пабачыўшы ля чыгункі дабітую ферму, яна пачала лекцыю хвілін на 10 пра тое, што "трэба, каб сюда Лукашэнка прыехаў, ён тут парадак навядзе, будзе як у Шклове"

Але пасля Драгічына (уфф!) усё стала супакойна. Добра, што дадумаўся на тэлефон пару кінастужак спампаваць: у выніку, нарэшце паглядзеў, напрыклад, аскараносную "Зялёную кнігу" (якая, праўда, не казаць каб так ужо моцна ўразіла - фільм як фільм, бачыў горшыя, бачыў лепшыя; бачна, што ўзнагароды атрыманыя хутчэй дзякуючы сацыяльнаму падтэксту і тэме расізму, а не якасці самой кінастужцы)

Дзякуй за ўвагу!
Tags: Беларусь, Болгары, Брестская область, Бухличи, Ворони, Вуйвичи, Горынь, Лемешевичи, Месятичи, Пинск, Пинский район, Полесье, Припять, Рухча, Столинский район, Струга, Цмень, вело-2019
Subscribe

Posts from This Journal “Припять” Tag

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 25 comments