Ciclista Pablo Elgatomarinero (elgatomarinero7) wrote,
Ciclista Pablo Elgatomarinero
elgatomarinero7

Спякота на Дзень ведаў: Наваградак-Любча-Мір - ч.1. Наваградскае ўзвышша

Для беларускага турыста скатацца ў Наваградак і Мір - гэта, напэўна, прыкладна тое ж самае, як украінцу завітаць, напрыклад, у Камянец-Падольскі ці расейцу - у які-небудзь Сергіеў Пасад ці Яраслаў; настолькі гэта ў нас, як кажуць, "баянныя" месцы. Але я ўжо колькі год як не быў ані ў Наваградку, ані ў Любчы, якая так зручна ляжыць на шляху паміж гэтымі населенымі пунктамі, таму зрабіць роварны маршрут у тых мясцінах было проста пытаннем часу. Над трэкам доўга думаць не стаў, проста скамуніздзіўшы пад свае патрэбы трэк марафона "Дарога Замкаў-2018". На той момант быў ужо гатовы і папярэдні трэк гэтага ж самага марафону рэдакцыі 2019 года (само мерапремства потым адбудзецца ўжо недзе ў кастрычніку), але ён быў занадта даўжэйшы (каля 125 кіламетраў супраць 105), а мне яшчэ з Міра на чыгунку кіламетраў 15-20 каціць (і заўтра на працу рана, бо была гэта нядзеля 1 верасня), таму вырашыў спыніцца на мінулагоднім варыянце.

66085339tXo.jpg



01. Стартаваць трэба было з Наваградка, дзе чыгункі няма (гэта, напэўна, самы вялікі за колькасцю насельніцтва беларускі населены пункт без чыгункі; калі, канешне, залічыць Наваполацку станцыю Рапнянскую, якая знаходзіцца недзе на ўскраіне гэтага прамысловага цэнтра - я не ўпэўнены, што яна адміністратыўна знаходзіцца ў межах горада). Менавіта таму спосаб "закідкі" на старт гэтым разам быў нетрывіяльны і для мяне новы - аўтобусам. На рэйс Баранавічы-Наваградак у 7.10 раніцы быў пададзены вялікі МАЗ з багажнікам, у які супакойна можна пакласці ровар, запакаваны ў чахол. Перастрахаваўшыся, квіток набываў напярэдадні, але патрэбы ў гэтым не было - аўтобус з Баранавічаў выйшаў напалову пусты, і месца для майго ровара ў багажным адсеку хапала з запасам. Ровары аўтобусамі возяць з баранавіцкага аўтавакзала, відаць, нячаста, таму для касіркі маё жаданне правезці такі груз было сюрпрызам - яна яшчэ бегала з кімсьці парадзіцца: ці можна аўтобусамі ўвогуле перавозіць ровары і ці павінна яна нешта яшчэ мне выпісаць. У выніку, атрымаў у дадатак да звычайнага квітка яшчэ і такую вось багажную квітанцыю (чаму нумары маршрутаў на паперках розныя - не ведаю, сам толькі зараз звярнуў увагу)


02. У 8.40 ужо быў у Наваградку. Там сфатаграфаваў мясцовы аўтавакзал (які быў калісьці, як вядома, вакзалам чыгуначным - у той час, калі праз горад прабягала вузкакалейка Наваельня-Любча). Аўтобусны рух там, дарэчы, вельмі актыўны (вось адразу адсутнасць чыгункі і адчуваецца) - аўтобусы да пляцоўкі высадкі пасажыраў пад'язджалі адзін за адным.


03. Сабраўшы ровар, пакаціў горадам у бок замка, адкуль і пачынаўся трэк. Па дарозе праехаў праз цэнтральную плошчу Наваградка, дзе старыя домікі не так даўно гламурненька "адаграрэнесансілі"


04. Пры гэтым, раптам, найбольш цікава і аўтэнтычна на плошчы сярод гэтага аграгламура цяпер выглядае гэты вось нібыта нічым не выдатны дом, да якога рукі ганьба-рэстаўратараў пакуль яшчэ не дакрануліся


05. Хутка ўжо быў на Замкавай гары, каля двух вежаў - рэшткаў калісьці вялікага і магутнага Наваградскага замка.


06. Грошай адбудоўваць такую махіну, канешне ж, у краіне няма (гэта вам не Эўрапейскія гульні праводзіць), але і гэтыя вежы паціху рушацца, таму адну з іх не так даўно "закансервавалі"


07. "Гістарычнасць" матэрыялу вы бачыце самі - no comments, як кажуць :/


08. Суседняя вежа, відавочна, была тады ў лепшым стане, таму ёй пашчасціла абыйсціся без падобнага трэшу. Мне нават падаецца, што ў яе вунь рот раскрыўся і так дагэтуль не зачыніўся ад погляда на тое, што гэтыя негадзяі-людзі зрабілі з суседкай-сяброўкай :)


09. Унутраны двор былога замку


10. Вось адсюль і можна стартаваць


11. Але спачатку трэба яшчэ "пазавісаць" на краявіды, бачныя з Замкавай гары (іх, праўда, псуюць зачыняючыя панараму высокія дрэвы гарадскога парка, які ляжыць прама ўнізе пад замкавымі вежамі)


12.


13. Дзесьці там, гэтым узвышшам, мне і каціць наступных кіламетраў 30


14. Лепшыя віды, дарэчы, тут не з Замкавай гары, а з вышыні гэтага кургана, насыпанага ў 20я гады мінулага стагоддзя ў гонар паэта Адама Міцкевіча (ён нарадзіўся недалёка адсюль, у Завоссі сучаснага Баранавіцкага раёна, а таксама пражыў у Наваградку частку жыцця). Гэтым разам, праўда, я туды не палез


15. Першыя кіламетры маршрута - гэта доўгі спуск праз гарадскі парк і выезд з Наваградка прыватным сектарам.


16. Горад з таго боку скончыўся вельмі хутка, і пачаліся мясцовыя дарогі. За спіной - небанальны і непаштовачны погляд на замкавыя вежы і стоячы пад гарой Фарны касцёл


17.


18. Салют, кароўка!


19. Брод праз рэчку Валоўку. Некалькі год таму на адным мерапрыемстве мне даводзілася паўдзельнічаць у квізе, у якім трэба было назваць рэкі, працякаючыя праз беларускія гарады. Не назваў тады толькі адну - гэтую самую, што працякае недзе ўскраінай Наваградка. Цяпер ужо ведаю, затое. Карыстацца бродам, дарэчы, такі не спатрэбілася - побач быў невялічкі пешаходны мосцік


20. Апошні на сёння погляд на Наваградак


21. Трошкі жвіровых і грунтовых дарог - і вось раптам сцежка на маім шляху скончылася


22. Відавочна, у гэтым годзе гэтае поле перапахалі, таму і лясная частка дарогі за лета зарасла праз адсутнасць руху


23. Праз пару кіламетраў такога вось бездарожжа нарэшце выехаў на грунтовую дарогу


24. Не бывае, канешне ж, паездак на Наваградчыну без брукаванак


25. Тут ужо пачаўся тыповы для гэтай мясцовасці "уверх-уніз". На гэты ўздым глядзеў, спадзяючыся, што мне мо не туды.


26. Але ж...


27. Панарама з адваротнага боку


28. Пад канец гэтае бясконцае "уверх-уніз" нават паспела абрыднуць. Але ведаў, што хутка ўжо спуск у даліну Нёмана, а пасля спуску - 2/3 трэка суцэльнай роўнядзю. Ды й дарогі збольшага там былі якасныя


29. За архітэктуру на гэтым кавалку маршрута адказвала хіба што царква Нараджэння Багародзіцы (19 ст.) у вёсцы Палбераг (хаця дзесьці зусім побач тут ужо знаёмныя мне Вераскова і Ўсялюб)


30. Метраў 300 перапаханага поля...


31. ...і вось ужо за наступным узгоркам на гарызонце з'яўляецца цёмная паласа


32. Гэта - вялізарны лес Налібоцкай пушчы, пачынаючыся ўжо на тым беразе Нёмана


33. Для мяне ж гэта азначала, што "горы" хутка скончацца. Унізе ўжо бачу нейкі вялікі населены пункт


34. "Паглядзеў" на яго праз ультразум - і зразумеў, што гэта ўжо Любча. Наступныя некалькі кіламетраў - хуткі і лёгкі спуск-адпачынак пасля ўзгоркаў


35. Любча - невялікае мястэчка (ці, калі гаварыць афіцыйнымі сучаснымі катэгорыямі, гарадскі пасёлак Наваградскага раёна, насельніцтвам усяго каля 1 тысячы чалавек


36. Забудова цэнтральнай плошчы мястэчка


37.


38. Іллінская царква (1910-14 гг.)


39. Але галоўная цікавостка ў Любчы вядома якая


40.


41. Любчанскі замак, пабудаваны ў 2 палове XVI стагоддзя. Зараз перажывае доўгі перыяд рэстаўрацыі - прычым, з нім працуе не дзяржава, а прыватная ініцыятыва


42.


43. Флігель


44. Будынак вучэбна-вытвочага камбіната, дзеля будаўніцтва якога ў 40я гады ХХ стагоддзя выкарыстоўваліся падмуркі і сцены замкавага палаца


45. Унізе, пад замкам - хрэстаматыйная і затасканая інстаграмчыкамі-кантакцікамі ўсіх наведваючых Любчанскі замак панарамка Нёмана. Але выкладу і я яе - файны ж краявід


46. Па той бок ракі, за шырокай поймай - ужо Налібоцкая пушча


47. Быў ужо амаль поўдзень, надышла спякота. Арганізм патрабаваў перакуса на беразе прахалоднай рэчкі, але марнаваць час (якога сёння і так было не асабліва многа) спускам да Нёмана не хацелася, таму вырашыў каціць далей, чакаючы свайго берага ўжо дзесьці па дарозе. Толькі шчоўкнуў замак на памяць яшчэ раз. Мо калі ў бліжэйшыя гады і вярнуся сюды


Далей мне належала павярнуць на паўднёвы ўсход і кіламетраў 70 каціць у той бок уздоўж Нёмана. Але пра гэтую частку паездкі я ўжо распавяду наступным разам :)
Tags: Беларусь, Гродненская область, Любча, Новогрудок, Новогрудская возвышенность, Новогрудский район, Нёман, Полберег, вело-2019
Subscribe

Posts from This Journal “Новогрудская возвышенность” Tag

promo elgatomarinero7 august 15, 11:30 4
Buy for 10 tokens
Гэтым разам я распавяду вам пра сапраўды спякотную і летнюю (хоць каляндарна яна і адбылася 23 траўня - але травень у гэтым годзе атрымаўся, напэўна, больш летні за які-небудзь ліпень) вандроўку паўночна-заходнімі раёнамі. Стартаваў на станцыі Гаўя ў ваколіцах Іўя, праехаў на поўдзень у бок…
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 10 comments